Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па сінім
Мядзельскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
28 жніўня 2019

Школы атрымаюць у гэтым годзе 1 тыс. інтэрактыўных сэнсарных сістэм

Школы атрымаюць у гэтым годзе 1 тыс. інтэрактыўных сэнсарных сістэм, а па абноўленых праграмах будуць навучацца вучні з 1-га па 9-ы клас. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміла журналістам намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Мінадукацыі Ірына Каржова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У 2019 годзе прадаўжаецца цэнтралізаванае аснашчэнне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі сучасным абсталяваннем для вучэбных кабінетаў хіміі і біялогіі. Ва ўстановы адукацыі будзе пастаўлена 1 тыс. інтэрактыўных сэнсарных сістэм. Усё гэта садзейнічае павышэнню якасці адукацыі", - растлумачыла Ірына Каржова. Цэнтралізаваная пастаўка такога абсталявання пачалася з 2013 года, з таго часу аснашчаны звыш 600 кабінетаў фізікі і больш за 360 кабінетаў хіміі, з 2019 года такое абсталяванне паступае ў кабінеты біялогіі.

Свае дзверы з пачаткам навучальнага года адчыняць для школьнікаў крыху больш за 3 тыс. устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. "Заняткі пачнуць амаль 1,03 млн вучняў, з якіх 115 тыс. - першакласнікі. Радасна адзначыць, што ўжо на працягу некалькіх гадоў колькасць вучняў у школах павялічваецца, у тым ліку і колькасць першакласнікаў", - сказала Ірына Каржова. Яна таксама канстатавала, што практычна ўжо ўсім школам падпісаны пашпарты гатоўнасці. Паводле яе слоў, усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ўкамплектаваны педагагічнымі кадрамі - гэта звыш 90 тыс. настаўнікаў.

Ірына Каржова таксама нагадала, што ў 2019/2020 годзе завяршаецца пераход на новыя вучэбныя праграмы на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. "Яны ўводзяцца ў дзявятым класе і ўжо ў 2019/2020 навучальным годзе па абноўленых вучэбных праграмах будуць навучацца з 1-га па 9-ы клас. Канчатковы пераход на новыя вучэбныя праграмы будзе завершаны ў 2021/2022 навучальным годзе", - расказала прадстаўнік Мінадукацыі. Яна адзначыла, што асновы бяспекі жыццядзейнасці як прадмет будуць вывучацца ў 2-5-х класах - каб разгрузіць школьнікаў.

Ірына Каржова падкрэсліла, што ў 8-9-х класах прадугледжана магчымасць вывучаць прадметы на павышаным узроўні - як у сярэдняй школе, так і ў гімназіях. Прадаўжаецца рэалізацыя профільнага навучання ў 10-11-х класах, з бягучага года адкрываюцца класы спартыўна-педагагічнай накіраванасці.

У гэтым навучальным годзе прадоўжыцца і арганізацыя прафесійнай падрыхтоўкі для вучняў 10-11-х класаў, якія вывучаюць усе прадметы на базавым узроўні. У мінулым годзе прафесійная падрыхтоўка была прадастаўлена 21 тыс. дзесяцікласнікаў. Чакаецца, што ў бягучым годзе лічба складзе каля 42,5 тыс. Пералік для падрыхтоўкі ўключае амаль 100 прафесій.

Намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Мінадукацыі Людміла Раманоўская больш падрабязна расказала аб абноўленых вучэбных праграмах: "Напрыклад, раней трыганаметрыя вывучалася і ў 8-м, і ў 9-м класе. На думку вучняў, педагогаў, бацькоў, яна была крыху складаная для васьмікласнікаў. Цяпер дзеці вывучаюць яе толькі ў 9-м класе. Некаторыя літаратурныя творы перанесены - напрыклад, "Мёртвыя душы" Гогаля з праграмы 9-га класа перайшлі ў праграму 10-га". Таксама ліквідаваны нестыкоўкі ў праграмах па матэматыцы і фізіцы, ва ўсіх без выключэння вучэбных праграмах скарочаны пералік тэрмінаў і паняццяў, якія абавязковыя для засваення.

Выкладанне біялогіі таксама зведала змяненні. "У мінулым годзе мы атрымалі кансалідаванае меркаванне педагогаў аб тым, што ёсць неабходнасць перагледзець колькасць лабараторных і практычных работ. Пасля дэталёвага абмеркавання і дасканалай прапрацоўкі было прынята рашэнне, што частку лабараторных работ трэба перанесці ў дэманстрацыйныя доследы. І ў 2019/2020 навучальным годзе сямікласнікі будуць займацца па вучэбнай праграме, адкарэкціраванай з улікам такога адукацыйнага запыту", - расказала Людміла Раманоўская. Тое ж датычыцца і праграмы па геаграфіі, дзе зменшана колькасць падагульняючых практычных работ.

Як паведамлялася, мерапрыемствы да Дня ведаў у бягучым годзе пройдуць у панядзелак, 2 верасня. Да 1 верасня плануецца ўвесці ў эксплуатацыю шэсць дзіцячых садоў на больш як тысячу месцаў, восем школ-новабудоўляў на 7288 месцаў.
Крынiца: https://blr.belta.by/society/view/shkoly-atrymajuts-u-getym-godze-1-tys-interaktyunyh-sensarnyh-sistem-80801-2019/
Фота БЕЛТА