Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па сінім
Мядзельскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
16 лістапада 2020

Мінэканомікі ініцыюе новыя меры падтрымкі бізнесу

У праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады прапануецца абазначыць новыя меры падтрымкі бізнесу. Аб гэтым заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў у сваім прывітанні з нагоды адкрыцця Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва, які праходзіць 16-22 лістапада, паведамляе БЕЛТА. 

Як адзначыў Аляксандр Чарвякоў, прыватны сектар ужо многія гады ўносіць важкі ўклад у развіццё Беларусі. Ён фарміруе звыш 50 працэнтаў валавой дабаўленай вартасці, каля 60 працэнтаў ад усёй выручкі, больш за 47 працэнтаў ад агульнага аб'ёму таварнага экспарту краіны, забяспечвае рабочымі месцамі палавіну нашых грамадзян. 

Міністр звярнуў увагу, што эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце змяніла планы развіцця дзяржаў. 

"Спад эканамічнай актыўнасці - гэта рэальнасць, з якой сутыкнулася не толькі наша краіна, але і ўвесь свет. Пандэмія паставіла на мяжу выжывання многія прадпрыемствы і галіны эканомікі, асабліва ў малым і сярэднім прадпрымальніцтве, сутыкнула бізнес-менеджмент з нявызначанасцю ў выбары напрамкаў інвесціравання", - канстатаваў ён. 

Паводле ацэнкі Аляксандра Чарвякова, дзякуючы прынятаму кіраўніком дзяржавы рашэнню не закрываць вытворчасці ўдалося прыкметна змякчыць наступствы эпідэміі для прадпрыемстваў і ў цэлым для эканомікі Беларусі. "Яе спад стаў меншым, чым у нашых асноўных эканамічных партнёраў. Пачынаючы з ліпеня штомесячная дынаміка ВУП стала аднаўленчай. За чатыры месяцы індэкс вырас на 0,7 працэнтнага пункта і ў кастрычніку склаў 98,9 працэнта", - адзначыў ён. 

Вышэйшымі за прагноз складваюцца тэмпы росту ў сферы інфармацыйных тэхналогій, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, штомесяц прырастае прамысловасць. Дадатнае сальда знешняга гандлю дасягнула $1,5 млрд. "Нягледзячы на штучна створаныя шокі на фінансавым рынку, захавана макразбалансаванасць. Эканоміка прадоўжыць аднаўляцца і па выніках работы наблізіцца да ўзроўню мінулага года", - лічыць міністр. 

Праблемы, якія ўзніклі на фоне пандэміі, актыўна абмяркоўваліся на створаных дыялогавых пляцоўках бізнесу і ўлады на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях. Сумесна выпрацаваныя прапановы сталі асновай для падрыхтоўкі шэрага праектаў нарматыўных прававых актаў і ключавых дакументаў. 

"Мы шчыра ўдзячныя дзелавой супольнасці, асабліва ў рэгіёнах, за іх актыўнасць і канструктыўны абмен думкамі, выказаную сацыяльную адказнасць за лёс сваёй краіны", - падкрэсліў Аляксандр Чарвякоў. 

Ужо на працягу года ідзе распрацоўка праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігадовы перыяд. Паводле слоў міністра, мэта дакумента - сацыяльная стабільнасць у грамадстве і эканамічны рост для ўсіх. У ім абазначаны ключавыя пытанні эканамічнага парадку дня. 

Першае: павышэнне прывабнасці беларускай юрысдыкцыі для прадпрымальніцкай дзейнасці, перш за ўсё за кошт дадатковых гарантый абароны правоў добрасумленнага бізнесу і інвестараў, дэкрыміналізацыі ў эканамічнай сферы. 

Другое: укараненне такіх прагрэсіўных інструментаў, як ацэнка рэгулюючага ўздзеяння, дзяржаўна-прыватнае партнёрства, самарэгуляванне бізнесу, гарантыйны і венчурны фонды, інстытут "доўгіх грошай" шляхам развіцця фінансавага рынку. 

Трэцяе: падрыхтоўка кіраўніцкіх кадраў для нацыянальнай эканомікі. Плануецца за 10 гадоў па дзяржзаказе навучыць у айчынных бізнес-школах амаль 17 тыс. кіраўнікоў вышэйшага і сярэдняга звяна камерцыйных арганізацый усіх форм уласнасці. 

Чацвёртае: падтрымка і стымуляванне бізнесу ў развіцці экспарту. Для гэтага будзе адменены фінансавы парог для доступу да інструментаў экспартнай падтрымкі, а таксама павялічаны яе аб'ём як у плане гандлёвых здзелак, так і ўдзелу кампаній у выстаўках. 

Пятае: па даручэнні кіраўніка дзяржавы падрыхтаваны прапановы па пашырэнні правоў і магчымасцей суб'ектаў гаспадарання ў сферы зямельных адносін. 

Шостае: развіццю бізнесу ў рэгіёнах будзе садзейнічаць упарадкаванне падыходаў да стварэння прэферэнцыяльных умоў у залежнасці ад эканамічнага патэнцыялу. Асноўны прынцып - "чым меншы патэнцыял, тым больш стымулаў". 

Сёмае: Мінэканомікі прадугледжвае пераход да паўнацэннай галіновай палітыкі, калі міністэрства будзе ствараць умовы для развіцця прадпрыемстваў усіх форм уласнасці ў гэтым відзе дзейнасці, развіваць усю галіну ў цэлым. 

"Пералічаныя працэсы будуць рэалізоўвацца адначасова з мадэрнізацыяй дзяржаўнай падтрымкі, прыняццем ахоўных і стымулюючых мер для капіталаўкладанняў, камерцыялізацыі інавацыйных распрацовак, усебаковай лічбавізацыяй, стварэннем развітой інфраструктуры ва ўсіх рэгіёнах краіны", - заявіў Аляксандр Чарвякоў. 

На яго думку, прапанаваныя ініцыятывы адкрыюць новыя перспектывы перад камерцыйнымі прадпрыемствамі, створаць перадумовы для перабудоўвання бізнесу, пераходу да тых відаў дзейнасці, якія з'яўляюцца ўстойлівымі ва ўмовах пандэміі, дадуць магчымасць для інвесціравання ў сучасныя вытворчасці. 

Перспектыўныя для ўдзелу бізнесу напрамкі - электратранспарт, высокатэхналагічная медыцына і фармацэўтыка, біятэхналогіі, дакладнае земляробства, праекты "разумны горад" і "разумны завод", прамысловы інтэрнэт, новыя кампазітныя матэрыялы, выкарыстанне вялікіх даных. 

"Дадатковы імпульс развіццю малых прыватных прамысловых кампаній надасць курс на кааперацыю з нашымі вялікімі канвеернымі вытворчасцямі для пастаўкі камплектуючых, развіццё субкантрактных адносін з партнёрамі з ЕАЭС, Саюзнай дзяржавы", - лічыць міністр. 

Прадугледжваюцца стымулюючыя механізмы да стварэння вытворчасцей па паглыбленай перапрацоўцы мясцовых сыравінных рэсурсаў: драўніны, ільну, торфу, пладоў, агародніны, ягад, дзікарослых раслін. 

Паводле слоў Аляксандра Чарвякова, гэта далёка не ўсе ініцыятывы, якія могуць задаць доўгатэрміновы якасны рост нацыянальнай эканоміцы. 

"Пры гэтым важна падкрэсліць, што для іх ажыццяўлення важны сумесныя, скаардынаваныя дзеянні бізнесу, навукова-адукацыйнай супольнасці, ініцыятыўных грамадзян, кіраўнікоў усіх узроўняў кіраўніцкай вертыкалі. Толькі ў гэтым выпадку можна дабіцца комплекснага эфекту, рэальнага выніку для ўсёй эканомікі і для дабрабыту нашых грамадзян", - рэзюмаваў міністр. 

Аляксандр Чарвякоў выказаў удзячнасць усім прадпрымальнікам краіны - ініцыятыўным і крэатыўным грамадзянам, якія генерыруюць новыя ідэі, увасабляюць іх у рэальны прадукт або паслугу, развіваюць сацыяльна-адказны бізнес, і павіншаваў з пачаткам Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва.