У Клецку працягваецца добраўпарадкаванне новага сквера

У Клецку працягваецца добраўпарадкаванне новага сквера. Зона адпачынку размесціцца на вул. Школьнай, недалёка ад раёна індывідуальнай забудовы, таксама побач цэнтральная раённая бальніца і будынак Клецкага ЖКГ, паведамляе МЛЫН.ВY.
Раней на гэтай тэрыторыі была спартыўная пляцоўка, але з-за таго, што яна прыйшла ў непрыгоднасць, прынялі рашэнне добраўпарадкаваць тэрыторыю і разбіць сквер у гонар 75-годдзя Перамогі.
Як паведаміў намеснік старшыні Клецкага райвыканкама Ігар Давыдок, падрыхтавалі архітэктурны праект, была выканана вертыкальная планіроўка, створаны дарожкі: частку выкладуць пліткай, частку засыплюць жвірам. Тут ужо высадзілі дрэвы, хмызнякі. Зрабілі непадобныя лаўкі.
Дарэчы, добраўпарадкаванне пачалося ў пачатку красавіка, а вось адкрыццё запланавана на чэрвень.