Гелiяпарк запрацаваў у Нясвіжскім раёне

Комплекс сонечных батарэй, які размясціўся на плошчы 4 га ў вёсцы Качановічы, адкрыўся на днях і ўжо пачаў назапашваць энергію. Яна, па словах намесніка старшыні Нясвіжскага райвыканкама Міхаіла Афанасіка, будзе паступаць у агульную электрасетку краіны, паведамляе МЛЫН.ВY.
Сам парк пабудавалі на месцы былога аэрадрома сельгасавіяцыі.
— Заказчыкам аб'екта стала беларуска-швейцарская кампанія «РЭАГ-Нясвіж». Пачалі будаваць у лістападзе, скончылі ў сярэдзіне чэрвеня. Парк геліяўстановак імкнуліся здаць у эксплуатацыю аператыўна, таму як чэрвень - самы «ураджайны» у плане насычэння энергіяй месяц, - сказаў Міхаіл Афанасік.
Комплекс складаецца з 4752 сонечных панэляў, магутнасць якіх дасягае 1,6 МВт. Парк займае плошчу, роўную пяці футбольным палям.