Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па сінім
Мядзельскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
6 верасня 2019

Сустрэча з насельніцтвам

Старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка сустрэўся з жыхарамі аграгарадка Занарач. На сход, які праходзіў вечарам у глядзельнай зале мясцовага Дома культуры, вяскоўцаў сабралася багата, ды і самых розных пытанняў да кіраўніка Мядзельшчыны ў іх назапасілася нямала.

Анатолій Вайнілка таксама адзначыў, што летась у ходзе падрыхтоўкі да абласных “Дажынак-2018”, апрача шэрагу іншых добрых спраў, удалося дабудаваць гатэль у Мядзеле. Цяпер гэта адасобленае прадпрыемства, напаўняльнасць нумароў някепская, працуе з прыбыткам, а з яго адкрыццём у райцэнтры з’явілася больш за чатыры дзясяткі новых рабочых месцаў. Запатрабаваны і санаторыі, у якіх цяпер добрая загрузка, на 60-65 працэнтаў яе забяспечваюць іншаземцы. Дзякуючы здраўніцам свой прагнозны паказчык па экспарце паслуг наш азёрны рэгіён на першае паўгоддзе выканаў амаль на 140 працэнтаў. Горшая сітуацыя па экспарце тавараў, аднак яна да канца года можа выраўняцца — фермерская гаспадарка “Антэй-сад” адпраўляе ў Расію суніцы садовыя, яблыкі і агародніну, а ў Еўрасаюз — рэдзьку алейную.

Потым пайшлі шматлікія пытанні. І першае ў іх пераліку – аб могілках у аграгарадку. На іх знаходзяць апошні прытулак і жыхары навакольных вёсак: Калодзіна, Стахоўцаў, Мокрыцы, Жалезнікаў. Паколькі могільнік знаходзіцца ў самым цэнтры Занарачы, яго пашырэнне немагчыма. Таму надышоў час выдзяляць пад месца вечнага спачыну новы зямельны ўчастак. Па словах Уладзіміра Зелянкевіча, некалі ён і адводзіўся за царквой, аднак там непадалёку воданапорная вежа. Яна ўжо служыць працяглы час, патрабуе тампанажу. Улетку, калі аб’ёмы спажывання вады ўзраслі, вечарам набраць яе з крана было практычна немагчыма. Зараз сітуацыя некалькі палепшылася. Тым не менш праблема застаецца. Як адзначыў Анатолій Вайнілка, пытанне па забеспячэнні жыхароў аграгарадка пітной вадой знаходзіцца ў райвыканкаме на кантролі. “Абследаванне воданапорнай свідравіны спецыялістамі, — расказаў прысутным Анатолій Мар’янавіч, — паказала, што яна працуе на мяжы сваіх магчымасцей. Таму сітуацыю ніякім тампанажам не выправіш, давядзецца рабіць новую артэзіянскую свідравіну. А для гэтага патрабуюцца значныя фінансавыя сродкі, якія пастараемся адшукаць у наступным годзе. Пасля адпаведных кансультацый з землеўпарадчыкамі будзе вырашана пытанне і па зямельным участку пад вясковыя могілкі”.

Некалькі жыхароў аграгарадка панаракалі на кепскі стан вуліц. У прыватнасці, называліся Камсамольская, Міру, 17 верасня. Сапраўды, там дзе-нідзе ёсць і ямы, і выбоіны. Канечне, каб прывесці ўсё ў належны парадак, патрабуецца шмат грошай, і за адзін год гэта адназначна не зробіш. І хаця да завяршэння бягучага ўжо застаецца няшмат часу, Анатолій Вайнілка паабяцаў, што сёлета адну з вуліц пастараюцца адрамантаваць. У ходзе размовы прагучала з залы і рэпліка. Маўляў, Занарач — аграгарадок, а тут нічога добрага не робіцца. З гэтым катэгарычна не пагадзіўся Уладзімір Зелянкевіч, і ён меў рацыю. “Як бы там ні было, — адрэагаваў Уладзімір Іванавіч, — у нас праведзены газ, хаця жыхары многіх населеных пунктаў раёна могуць пра гэта толькі марыць. Зроблена таксама водаправодная сетка, у многіх дамах ёсць цэнтральная каналізацыя…”

Хвалявала вяскоўцаў і тое, які лёс чакае магазін “Родны кут” у сувязі з рэструктурызацыяй сістэмы райПО. Бо прыватныя гандляры — гэта добра. Аднак калі яны працуюць сёння, то няма ніякай гарантыі, што дзверы іх крамы будуць адчынены і заўтра. Сапраўды, дзяржаўны гандаль чакаюць вялікія перамены, аднак, як сведчыць вопыт той жа Гродзеншчыны, яны толькі на карысць людзям. Пры значным скарачэнні кіраўніцкага персаналу паліцы магазінаў сталі больш багатымі на тавары. Што датычыцца крамы ў Занарачы, то ёй быць. А вось у адносінах адкрыцця ў аграгарадку комплекснага прыёмнага пункта, як прапаноўвалі некаторыя жыхары, то гэта пытанне патрабуе прапрацоўкі. Адкрыць — не штука, а наколькі ён будзе запатрабаваны?

І хаця аграгарадок не такі і маленькі — 598 жыхароў — вырашаць справу з наскоку, па ўсёй бачнасці, не варта. На думку вяскоўцаў, трэба нешта рабіць і з аўтобуснымі маршрутамі. Перш за ўсё, у людзей праблема дабрацца ў райцэнтр з раніцы па нейкіх справах. І не трэба кожны дзень, хопіць разу-другога на тыдзень. Зноў жа, толькі кругавымі шляхамі можна патрапіць у Вілейку, Маладзечна, дзе вучацца дзеці жыхароў навакольных вёсак. Як ім даехаць дахаты на выхадныя, вярнуцца на заняткі? Таксама пытанне, на якое будзе дадзены адказ пасля вывучэння. У завяршэнне размовы з вяскоўцамі Анатолій Вайнілка адзначыў, што ў раёна не вельмі вялікія фінансавыя магчымасці. Тым не менш узнятыя па Занарачы праблемы, можа, не так і хутка, аднак будуць вырашацца. Са свайго боку жыхарам таксама не трэба цурацца добрых спраў. У прыватнасці, пры неабходнасці дружна выйсці на суботнік, сумеснымі намаганнямі навесці парадак у аграгарадку. На развітанне Анатолій Мар’янавіч пажадаў усім моцнага-моцнага здароўя, поспехаў, удачы і дабра…

(Па матэрыялахhttp://narachanka.by)