Мядель туристический
Мядель информационный
Мядель деловой
Рус
En

Адрес:
222397 г. Мядель, пл. Ленина, 1
Телефон: 8 01797 55-3-72
Горячая линия:
8 01797 55-3-72

Опрос
Какими информационными ресурсами Вы пользуетесь чаще всего?

Жыццёвы i творчы шлях Максiма Танка

Вёска Пількаўшчына Мядзельскага раёна ў Беларускай энцыклапедыі не пазначана асобным радком. Але яе добра ведаюць у нашай краіне. Сюды прыязджаюць аматары мастацкага слова. Тут можна сустрэць экскурсіі школьнікаў. У гэтым населеным пункце 17 верасня 1912 года ў сям’і Івана Хведаравіча  і Домны Іванаўны Скурко нарадзіўся хлопчык Жэня, будучы пісьменнік Максім Танк.

“Узначальваў” сям’ю Скуркоў дзед паэта Хведар Маркавіч, заядлы паляўнічы. Спрадвеку тут людзі жылі бедна, але сумленна, былі працавітымі. Вялікім быў клопат пра зямлю. У 1913 годзе з вёскі людзі пачалі перасяляцца на хутары, бо была магчымасць займець большы кавалак зямлі.  Хведар Скурко з сям’ёй перасяліўся ў Жукова на зарослыя хмызнякамі дзірваны ды пасекі. З кожным годам дзед і бацька адваёўвалі ад лесу, хмызнякоў новыя ўчасткі, прыгодныя для сяўбы.

Бацька паэта, Іван Хведаравіч, быў надзвычай працавіты і сумленны чалавек, не любіў падману. Калі даваў слова, дык яго стрымліваў. Ніяк не мог зразумець, як можна гультаяваць, сядзець дома, калі ў полі шмат работ. Іван Хведаравіч ва ўсім быў справядлівы, дбайны, па-святому любіў зямлю. Маці паэта, Домна Іванаўна Хвалько родам з вёскі Задубенне. Яна заўсёды прываблівала людзей шчодрасцю адкрытай душы, лагоднай усмешкай ласкавых вачэй. Сваіх сыноў Яўгена, Фёдара, дачок Веру і Людмілу бацькі стараліся выхаваць працавітымі, дбайнымі, паважанымі  людзьмі.

Імперыялістычная вайна 1914 года была той навальніцай, што грозна пастукала ў дзверы хутарской хаты сям’і Скурко. Дома засталіся толькі старыя. Івана Хведаравіча восенню мабілізавалі ў армію. Як добрага шаўца, яго накіравалі ў ваенную шавецкую майстэрню. Домна Іванаўна з двухгадовым сынам Жэням на руках далучылася да абоза бежанцаў, гнаных фронтам у глыб Расіі. Шчаслівы выпадак дапамог сустрэцца бацькам. На Дзвінскім вакзале бацька нечакана пазнаў свайго сына Жэню па дамашняй хустцы. Салдаты знайшлі для іх месца ў адным з эшалонаў, што накіроўваўся ў Маскву. Туды ж быў пераведзены як майстравы таксама Іван Хведаравіч. Ваенны час быў поўны нястач, трывог. Маці вымушана была пайсці прыбіральшчыцай у дом палкоўніка, потым – папа, пазней перайшла на працу на ваенны завод. Маскоўскі перыя жыцця (1914-1922) быў выключна важны – гэта час уражлівага, дапытліва-дзіцячага ўспрымання навакольнага бурлівага ходу падзей. З акна падвала Жэня мог гадзінамі назіраць за гэтым незразумела-бурным светам – за тупатам ног, за цяжкімі крокамі салдат, што праходзілі па Ціхвінскім завулку, адпраўляючыся на фронт.

З пераездам на Ціхвінскую вуліцу стала трохі прасторней з жыллём. Жэня пачаў хадзіць у школу, што знаходзілася на другім баку вуліцы. Да свету бурнай, суровай рэчаіснасці далучыўся дзівосны свет казкі, свет кніг. Вучыўся хлопчык ахвотна. Настаўніца хваліла яго за кемлівасць, добрыя поспехі і руплівасць. Жэня шмат завучваў вершаў на памяць, перапісваў іх у свае сшыткі, ведаў значна больш, чым аднакласнікі. Незабыўнае ўражанне пакінула першая прачытаная кніга “Вечера на хуторе близ Диканьки” М.Гогаля, а таксама вершы А.Пушкіна, М.Лермантава, М.Някрасава, Т.Шаўчэнкі.

Усё часцей бацькі Жэні ўспаміналі дзеда Хведара і бабку Ульяну, якія клікалі іх дамоў. Вялі гутаркі пра далёкую Мядзельшчыну, пра свой кавалак зямлі. Жылося цяжка, давала сябе адчуць грамадзянская вайна, разруха. Нарэшце наважыліся ехаць на радзіму. Непакоіла толькі тое, што родныя мясціны апынуліся пад панскай Польшчай.

І ў 1922 годзе ў адзін з шэрых восеньскіх дзён сям’я Івана Скурко развіталася з суседзямі, сябрамі і падалася на  вакзал. Бясконца доўга ехалі цягніком. Вось нарэшце і родныя мясціны. Ад станцыі Княгініна да Мядзеля недалёка, каля 20 кіламетраў. Пажыткі ў сям’і Івана Хведаравіча жабрацкія – клунак і Жэневы сшыткі. Знаёмыя ахвотна падвезлі бежанцаў дадому.

Вось і Пількаўшчына. Дзед абдымае сына, нявестку, унукаў. Але хутка прайшла радасць сустрэчы, радасць вяртання на радзіму. Трэба было думаць, як жыць далей. Няма ні каня, ні плуга. Хутар за вайну заняпаў, поле зарасло хмызняком. Зноў Скуркам давялося карчаваць пасеку, збіраць каменне, араць дзірван. Амаль год цяжкай працы, а вынікаў не відаць. І тут у сям’і Івана Хведаравіча прыбавіліся яшчэ адны працавітыя рукі: вярнуўся з-за мяжы дамоў яго малодшы брат Фадзей.

Пра паэтавага дзядзьку Фадзея трэба сказаць асобна. Ён, як і дзядзька Якуба Коласа Антось, аказаў вялікі ўплыў на малога Жэню. Фадзей любіў падарожнічаць і пабываў у многіх краінах Еўропы і Амерыкі, змяніў безліч прафесій, адзін час вучыўся на заатэхнічных курсах у Чэхаславакіі. Ён многа ведаў, умеў цікава апавядаць пра далёкія краіны. Ён больш за ўсіх дома настойваў, каб Жэня абавязкова вучыўся.
Пасля вялікага горада на вёсцы ўсё было незвычайным, незнаёмым для Жэні Скурко. Адразу і назаўсёды запала ў сэрца прыгажосць мядзельскіх азёр, дрымучыя лясы, рэчкі і плёсы.

Хлопчыку хацелася вучыцца, але школа была толькі польская, а польскай мовы Жэня не ведаў. Так і давялося сядзець першую зіму дома. Праўда, у вольную часіну бацька вучыў сына чытаць па-польску. Безліч разоў даводзілася паўтараць незнаёмыя словы. Але ўсё ж маладая энергія і прыродныя здольнасці перамаглі – хлопец з большага авалодаў польскай мовай і пайшоў у пачатковую школу ў Шкленікова. Дзіўныя тут былі парадкі. Вучні часта не разумелі асобных слоў польскай мовы, і тады ў ход ішла шырокая лінейка. На ўсё жыццё запомніўся верш “Кто ты естэсь?” – “Поляк малы”. Праўда, і тут хлопчык стаў неўзабаве атрымліваць выдатныя адзнакі, стараўся браць цікавыя кніжкі са школьнай бібліятэкі. Вучыўся зімой, а летам, як і кожны  беларускі вясковы хлапчук, пасвіў кароў.

Гаспадарка не прыносіла дастатку сям’і Івана Скурко. Працавалі ўсе, дарослыя і дзеці. Прыкметную дапамогу аказваў дзядзька Фадзей, які аддаваў сям’і Івана не толькі свае нястомныя рукі, але і “ганарар” за ветэрынарную практыку.

У познія восеньскія і зімовыя вечары да Скуркоў часта заходзілі аднавяскоўцы. Завязваліся цікавыя гутаркі. Іван Хведаравіч расказваў пра Маскву, Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Кастрычніцкую рэвалюцыю. Дзядзька Фадзей – пра побыт і жыццё ў капіталістычных краінах.

Восенню 1925 года Іван Хведаравіч па прапанове Фадзея паслаў сына ў Сваткаўскую школу (1925-1926), дзе былі старэйшыя класы. Жэня вучыўся старанна, актыўна ўдзельнічаў у школьным драматычным гуртку, захапляўся рысаваннем: маляваў нацюрморты, пейзажы, рабіў рэпрадукцыі з карцін і паштовак. За зіму перачытаў са школьнай бібліятэкі ўсе кнігі Г.Сянкевіча, М.Канапніцкай, Ж.Верна, Ф.Купера, Ю.Славацкага, А.Міцкевіча. У гаспадара, дзе жыў на кватэры, былі творы В.Жукоўскага, А.Пушкіна, М.Гогаля.

Тут, у Сватках, упершыню трапіў у рукі Жэні Скурко “Беларускі каляндар” на 1925 год. Падлетка здзівіла, што каляндар быў напісаны на мове, якой гаварылі вяскоўцы. Жэня зацікавіўся беларускімі выданнямі, якія траплялі пад сялянскія стрэхі рознымі шляхамі.

У 1926 годзе Яўген Скурко канчае пачатковую школу. Хлопец хоча вучыцца далей. Яго вабіць жыццё за межамі Пількаўшчыны, пра якое так захапляюча расказвалі бацька і дзядзька Фадзей. Нават сам кіраўнік Сваткаўскай школы раіў Івану Хведаравічу вучыць сына.
Аб далейшай Жэневай вучобе не раз гаварылі ў сям’і. Асабліва клапацілася маці, плакала начамі, прасіла дзеда, каб пусціў хлопца ў Вілейку, дзе былі дзве гімназіі – польская і руская. На гэтым стаяў і дзядзька Фадзей. Нарэшце дзед згадзіўся. Жэня, пасучы кароў, усё лета рыхтаваўся да экзаменаў і восенню 1926 года паступіў у трэці клас Вілейскай рускай гімназіі (1926-1928). Гімназія належала таварыству прыватнай сярэдняй школы горада. Праграма прадугледжвала вывучэнне закону божага, польскай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры, лацінскай і нямецкай моў, матэматыкі, геаграфіі і прыродазнаўства. Праводзіліся заняткі па гімнастыцы. Дырэктарам гімназіі быў сын папа, чалавек з манархічнай закваскай і светапоглядам. Ён строга сачыў, каб вучні наведвалі царкву, спавядаліся, прысутнічалі на ўроках закону божага, акуратна ўносілі кожны месяц па 15 злотых за навучанне. Выкладчыцкі персанал складаўся галоўным чынам са старых царскіх і польскіх настаўнікаў, кансерватыўных па светапогляду.

Жэня Скурко жыў на прыватнай кватэры на Чыгуначнай вуліцы. Замкнуты і ціхі, у несамавітым адзенні: пінжаку з даматканага сукна, бацькавых ботах – хлопец аднак хутка пасябраваў з многімі гімназістамі. Здружыла іх агульная схільнасць да кнігі, удзел у Таварыстве беларускай школы, нянавісць да тых, хто рабіў спробы прынізіць беларусаў і іх мову.

У час навучання Ў Вілейскай гімназіі Яўген Скурко робіць першыя літаратурныя спробы: пераказвае вершам легенду пра Шкленікоўскае возера, што чуў ад свайго дзеда Хведара, складае некалькі пейзажных вершаў. Запісвае ўсё гэта ў патаемны сшытак.

У Вілейцы Яўген Скурко набываў не толькі сістэматычныя веды, але адначасова праходзіў школу палітычнай і нацыянальнай свядомасці. Рэвалюцыйная барацьба працоўнага народа за свае правы ўсё больш і больш прыцягвала ўвагу юнака. Вілейскі перыяд быў пачаткам падрыхтоўкі Яўгена Скурко да актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасці, перыядам напружанай работы над сабой. У сціплага сялянскага хлапчука з Пількаўшчыны складваўся характар байца і змагара.

Закончыць Вілейскую гімназію Яўгену не давялося: восенню 1928 года польскія ўлады закрылі яе. У дажджлівы вераснёўскі дзень 1928 года хлопец з хатнімі сухарамі за плячыма і школьнымі падручнікамі прыйшоў у мястэчка Радашковічы – з непакоем: ці ўдасца яму паступіць тут у пяты клас беларускай гімназіі.

Вучоба ў Радашковіцкай беларускай гімназіі працягвалася ўсяго некалькі месяцаў – з верасня па снежань. Юнака з-пад Нарачы тут моцна ўразілі дзве рэчы: па-першае, у гімназіі ён упершыню сустрэўся з падпольнай камсамольскай арганізацыяй, у якую неўзабаве ўступіў. Па-другое, дужа здзівіла, што амаль усе з сяброў пісалі вершы. Яўген таксама больш горача і настойліва ўзяўся за гэту работу. На жаль, усе першыя спробы танкаўскага пяра не захаваліся і вядомы толькі па ўспамінах сяброў паэта. Яўген Скурко знішчаў амаль усе свае творы, што не траплялі ў друк.  

За ўдзел у адной з вучнёўскіх забастовак, накіраванай супраць ліквідацыі беларускіх школ польскім урадам з Радашковіцкай гімназіі было выключана некалькі гімназістаў, у тым ліку і Яўген Скурко.

Сумнай была ростань з гэтым бурлівым культурна-грамадскім асяродкам, з якім за кароткі час было звязана так многа – і ў адкрыцці хараства твораў на роднай мове, і ў адкрыцці ў самім сабе неадольнай цягі да верша беларускага складу; а яшчэ – развітанне з прыгранічным маляўнічым наваколлем, дзе з узгоркаў далёка, у ранішняй смузе выразна праступалі абрысы савецкай зямлі – краіны мараў і надзей.

Многія з выключаных, у тым ліку і Яўген Скурко, у 1929 г. накіраваліся ў Вільню. Вільня – горад маладосці і першай сталасці Максіма Танка. Горад, якому наша літаратура, беларуская культура абавязаны многім. У пачатку 1929 года Яўген Скурко паступіў у Віленскую беларускую гімназію. Пасля Радашковіч Вільня здавалася Яўгену вялікім, бурлівым горадам. У вольны час юнак любіў хадзіць і знаёміцца з новымі, невядомымі яму закуткамі і завулкамі Вільні.

У беларускай гімназіі Яўген Скурко затрымаўся ненадоўга: мясцовыя ўлады збіраліся расправіцца з рэвалюцыйна настроенай моладдзю і актыўнымі камсамольцамі. Новы ўдзел у забастоўцы выклікаў новае “выдаленне”. Нічога не заставалася рабіць, як ехаць у родную Пількаўшчыну. Дома Яўген правёў вясну і лета, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, многа чытаў і пісаў. Але юнаку вельмі хацелася вучыцца. Восенню 1929 года ён зноў паехаў у Вільню і паступіў на гадавыя курсы тэхнікаў-меліяратараў, ведаючы загадзя, што працы па гэтай спецыяльнасці ён не атрымае як “палітычна ненадзейная асоба”. Але гэта давала магчымасць без паліцэйскага пасведчання аб добранадзейнасці зноў паступіць у гімназію. Гэта адбылося ў 1930 годзе. Цяпер Яўгеній Скурко на працягу двух гадоў (1930-1932) вучыўся ў Віленскай рускай гімназіі імя Пушкіна, аднак атэстата сталасці яму не давялося атрымаць. Два гады вучобы далі тут маладому паэту нямала ў сэнсе павышэння агульнаадукацыйнага ўзроўню – як элементарных пазнанняў у галіне дакладных навук, так і літаратурнай дасведчанасці.

Юнак жыве напружаным жыццём, спалучаючы плённую вучобу ў гімназіі з рэвалюцыйна-прапагандысцкай і нелегальнай работай, па-ранейшаму захапляецца мастацкай літаратурай, у вольны час збірае і запісвае фальклор. Ён сістэматычна працуе над новымі вершамі, наладжвае кантакты з рэдакцыямі падпольных і легальных камуністычных газет, выпускае  разам з пачынаючым паэтам і здольным мастаком Янкам Гарохам рукапісны часопіс “Пралом”, на старонках якога змяшчае свае вершы і апавяданні пад псеўданімамі Д.Сівер, А.Граніт.

У жыцці Максіма Танка тры гады (1932-1934), перакалочаныя арыштамі, допытамі, астрогамі. У красавіку 1932 года юнака арыштавалі як актыўнага карэспандэнта падпольных і  легальных камуністычных выданняў – “Часопіс для ўсіх”, “Пралом”, “Беларуская газета” і інш. Тут друкаваліся многія яго вершы.

Адбылося першае знаёмства Яўгена Скурко з турмой на Лукішках, ці проста Лукішкамі. Вобыскі ў яго рабілі і раней, але ў рукі паліцыі не трапляла ніякага фактычнага матэрыялу. На гэты раз у гімназіста знайшлі легальныя і нелегальныя камуністычныя газеты, часопісы. Некалькі месяцаў цягнулася следства. Нарэшце Яўгена выпусцілі пад заклад у дзвесце злотых, і ён паехаў у Пількаўшчыну. Працаваў  на гаспадарцы, многа чытаў і пісаў, пасылаючы новыя творы сябрам у Вільню.

Восенню 1932 года ЦК камсамола Заходняй Беларусі накіроўвае Яўгена Скурко на падпольную работу на Навагрудчыну. Інструктар ЦК камсамола і паэт, Яўген Скурко паўгода жыў на нелегальным становішчы: арганізоўваў камсамольскія ячэйкі, наладжваў іх сувязь з цэнтрам, распаўсюджваў камуністычную літаратуру.

Яўгена настойліва шукала паліцыя: рабіла аблавы ў Пількаўшчыне, наведвала яго былыя кватэры ў Вільні і іншыя мясціны, дзе жыў раней. На падставе правакатарскіх даносаў польскія ўлады даведаліся аб сувязях Яўгена з КПЗБ і яго падпольнай рабоце на Навагрудчыне. 27 мая 1933года юнака арыштавалі каля мястэчка Глыбокае і адправілі зноў на Лукішкі. Акруговы суд у Вільні прыгаварыў яго да шасці год зняволення і пазбаўлення грамадзянскіх правоў на восем гадоў. Аднак праз год апеляцыйны суд справу перагледзіў і,  не маючы канкрэтных доказаў, зменшыў пакаранне да двух год турэмнага зняволення ўмоўна.

Аднак нядоўга давялося паэту пабыць на волі. 20 жніўня таго ж года яго зноў адправілі на Лукішкі. На гэты раз Яўген Скурко абвінавачваўся ў публічнай прапагандзе атэізму і напісанні антырэлігійнага твора “Як бог гуляў на забаве”. На судзе Яўгену няцяжка было даказаць усю беспадстаўнасць абвінавачвання. З астрога юнак выйшаў перад самым новым, 1935 годам.

Зіму і вясну Яўген жыў у Пількаўшчыне. Многа пісаў. Нейкі час працаваў сярод рыбакоў на Нарачы, дзе быў сведкам іх барацьбы за эканамічныя і палітычныя правы.

Восенню 1935 года Цэнтральны Камітэт КПЗБ адклікаў М.Танка на работу ў Вільню: меркавалася наладзіць выданне камуністычных газет “Наша воля” і “Папросту”. Для большай маскіроўкі Яўген Скурко пачаў наведваць прыватныя агульнаадукацыйныя курсы і самастойна рыхтавацца да здачы экзаменаў на атэстат сталасці, каб паступіць ва ўніверсітэт. У 1936 годзе Максім Танк быў прыняты ў члены КПЗБ.
З прыездам у Вільню Скурко па-сапраўднаму заняўся літаратурнай дзейнасцю. Асабліва вялікае значэнне для яго мела сяброўства з Рыгорам Раманавічам Шырмай, Пятром Дворкіным, якія дапамагалі Яўгену сяброўскімі парадамі і крытычнымі заўвагамі. Працуючы ў Вільні, Яўген Скурко напісаў шмат вершаў, якія склалі аснову першага зборніка паэта “На этапах”, які выйшаў у 1936 годзе. Аднак адразу пасля выхаду цэнзура канфіскавала кніжку паэта, а ён сам зноў трапіў на лаву падсудных. З усяго тыражу канфіскаванай кнігі ўдалося выратаваць толькі некалькі сот экземпляраў - частку тыражу вынеслі рабочыя друкарні. Але і гэтага было дастаткова, каб кніга выклікала пэўны грамадскі рэзананс. У Мінску яе атрымалі народныя паэты Беларусі Янка Купала і Якуб Колас, якія высока ацанілі яе.

Далейшае развіццё паэзіі Максіма Танка было звязана з пераглядам і своеасаблівай пераацэнкай сваёй ранейшай паэтычнай працы. Выкарыстоўваючы сюжэты і рэвалюцыйна-вызваленчыя элементы народных казак, легенд, песень, Максім Танк пераасэнсоўваў іх, надаваў ім новую ідэйную накіраванасць. На фальклорнай аснове вырасла і першая паэма М.Танка – “Нарач”(1937). Яна навеяна паэту выступленнем нарачанскіх рыбакоў. Польскі ўрад перадаў возера Нарач у арэнду памешчыку Яблонскаму і забараніў мясцовым людзям лавіць у ім рыбу. Нарачанскія рыбакі падняліся на абарону сваіх азёр. Нарачанскія падзеі навялі М.Танка на думку стварыць паэму, уславіць бунтарскі дух і непакорлівасць народа. З восені 1935 года паэт прыступіў да ажыццяўлення сваёй задумы. Працаваў настойліва, упарта. Аднак перашкаджала хвароба. Давалі сябе знаць перанапружанасць, матэрыяльныя нястачы і хваляванні. Але ўсё ж у 1937 годзе паэт закончыў работу над паэмай.

Услед за “Нараччу” паэт апрацоўвае чутую ў дзяцінстве легенду пра Вяля (“Сказ пра Вяля”) і піша новую эпічную  паэму “Журавінавы цвет”. Гэтыя два буйныя творы і новыя вершы склалі  зборнік “Журавінавы цвет” (1937).

Пасля “Нарачы” і “Журавінавага цвету” узрасла цікавасць грамадскасці да асобы Максіма Танка. Буржуазныя віленскія колы рабілі спробы перацягнуць паэта на свой бок. Песняра Нарачы пачалі запрашаць на літаратурныя дыспуты.

У зборніку “Пад мачтай”, які выйшаў у 1938 годзе, Максім Танк канчаткова замацаваў за сабою месца самастойнага нацыянальнага паэта, сапраўднага майстра мастацкага слова. Тут праявіліся новыя якасці паэзіі М.Танка і яго паэтычныя прынцыпы.

Неўзабаве падзеі 1938 года (разгром Народнага фронту, роспуск КПЗБ) прымусіл іМ.Танка часова спыніць літаратурную работу і пайсці працаваць вагаўшчыком і ўпакоўшчыкам насення траў на складзе. Але жыць у Вільні стала вельмі цяжка, і М.Танк пераязджае ў родную Пількаўшчыну, дзе і застаў яго верасень 1939 года.  Ужо 17 верасня ў першы дзень вызвалення з’явіўся верш М.Танка “Здарова, таварышы”, прысвечаны важнай падзеі – уз’яднанню беларускага народа.

З лістапада 1939 года М.Танк працуе ў абласной газеце “Вілейская праўда”, на старонках якой змяшчае свае артыкулы і вершы. Затым пераязджае ў Беласток, дзе цалкам аддаеццца літаратурнай працы. Тут яго і застала Вялікая Айчынная вайна. Апошнім цягніком яму з сям’ёй удалося выехаць на Усход, у Саратаўскую вобласць, дзе запісаўся ў апалчэнне, каб пайсці на фронт, але Галоўнае палітупраўленне Арміі накіравала яго разам з П.Броўкам і А.Кучарам на работу ў газету “За Савецкую Беларусь”. Потым М.Танка прызначылі адказным сакратаром партызанскага сатырычнага агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, на старонках якога ён змагаўся з ворагам трапным подпісам пад карыкатурай ці малюнкам, сатырычным апавяданнем і казкай, маленькім фельетонам і палымянымі вершамі. У цяжкія дні вайны М.Танк узяўся за стварэнне паэмы аб гераічнай партызанскай барацьбе нашага народа – “Янук Сяліба”. Вершы паэта, напісаныя ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, аб’яднаны ў зборніку “Вастрыце зброю” (1945) і часткова ў кнізе “Праз вогненны небасхіл” (1945). Большасць з іх вызначаецца публіцыстычнай накіраванасцю, высокім грамадзянскім пафасам і рамантычнай прыўзнятасцю.

Закончылася Вялікая Айчынная вайна, пачаліся гады мірнай, стваральнай працы. М.Танк актыўна ўключаецца ў культурнае жыццё рэспублікі. Будні паэта запоўнены творчасцю, работай у газетах і часопісах, выдавецкімі клопатамі. Некалькі гадоў супрацоўнічае ён у сатырычным часопісе “Вожык”, а з 1948 года яго прызначаюць галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”. Асобнымі выданнямі выходзяць “Галінка і верабей” (1946), “Казка пра мядзведзя” (1947), паэма “Нарач” (1947). Творчым дасягненнем паэта з’яўляецца першы пасляваенны зборнік “Каб ведалі” (1948), даўно і слушна прызнаны за адну з самых цікавых з’яў беларускай паэзіі першых мірных гадоў і заслужана адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР.

Да 1966 года Яўген Іванавіч быў галоўным рэдактарам “Полымя”. За час работы ў рэдакцыі ён зарэкамендаваў сябе як адзін з найбольш талерантных і дэмакратычных кіраўнікоў. Ён умеў далікатна і незаўважна пажурыць супрацоўніка за якую-небудзь правіннасць, але ніколі не імкнуўся пакрыўдзіць чалавека, хаця пры спрэчках заўсёды цвёрда адстойваў сваю пазіцыю.

З 1966 па 1990 гады Максім Танк узначальваў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Быў дэпутатам Вярхоўных Саветаў СССР і БССР, Старшынёй Вярхоўнага Савета рэспублікі VІ-VІІ скліканняў, членам Савецкага камітэта абароны міру, шматлікіх грамадскіх арганізацый.

Вынік напружанай творчай працы ў пасляваенныя гады – больш чатырох дзесяткаў кніг, пазначаных высокім паэтычным майстэрствам, адметных глыбокім філасофскім зместам. Паэзія Максіма Танка – уся ад зямлі, ад лёсу людскога. Адны ўжо назвы яго кніг гучаць, як песня жыцця – “На камні, жалезе і золаце” (1951), “У дарозе” (1954), “След бліскавіцы” (1957), “Мой хлеб надзённы” (1962), “Глыток вады” (1964), “Перапіска з зямлёй” (1967), “Ключ жураўліны”  і “Хай будзе святло” (1972), “Дарога, закалыханая жытам” (19), “Прайсці праз вернасць” (19), “Мой каўчэг” (1994).

Танк мог напісаць пра ўсё. У яго былі вершы пра эпахальныя падзеі і жыццёвыя імгненні, замалёўкі з бясконцых падарожжаў і трапныя партрэты, лёгкія афарызмы, дасціпны гумар і вывераная філасофія. Позірк і думкі затрымліваліся то на свежым бэзавым кусце, то на журботнай постаці маладой манашкі, то на спрацаваных руках, то на пакутах сяброў-ветэранаў. У яго вершах заўсёды Жыццё. Яно ўслаўляецца, яно абараняецца і сцвярджаецца.

Калі горыччу
Перапоўнена сэрца
І дыхаць, і жыць немагчыма, здаецца,
Заўжды ўспамінаю
Сасну
Над абрывам,
Падсечаную нарачанскім прылівам.
Сасну, што трымаецца
                          рэшткай карэння
За грунт,
А вяршыняй сваёю высокай
Да сонечнай цягнецца
Высі праменнай,
Над тонню смяротнай
                                калыша аблокі.
         (“Калі горыччу…”, 1994).

Радзіма… Пра што б ні пісаў паэт, у якія далечы ні сягала б яго натхненне, ён ніколі не забываўся пра дарагі яму і запаветны край. Бо ад нарачанскіх прастораў, ад роднае зямлі, бацькоўскай хаты, ад песень і казак народа і пачыналася паэтава любоў да Беларусі.

Ёсць куток на зямлі,
Дзе крыніцы звіняць,
З трыснікамі гавораць азёры,
Дзе на кожнай сцяжыне
Курганы стаяць,
Векавечным парослыя борам.
Ёсць куток на зямлі
Казак, песняў, і мар,
І вясёлкавых, красачных сноў,
Дзе і папараць нат
Расцвітае-гарыць
У купальскую ноч.
Ёсць куток на зямлі:
Дзень адзін пражывеш –
Назаўсёды цябе зачаруе.
І дзе б ты не хадзіў,
Кім бы потым ні быў,
Сум-тугу за тым краем пачуеш.

Яму балела сэрца за ўсё. Змучаная прырода і знявераны народ, дэвальвацыя культурных каштоўнасцяў і паўсюдная меркантыльнасць. А ён быў рамантыкам. Рамантыкам, які ў маладосці паверыў у лозунгі сацыяльнай справядлівасці і светлай будучыні. Рамантыкам, які ў старасці верыў у непераможную моц сяброўства і кахання.

Не было зборніка, дзе пранікнёныя радкі для адзінай не краналі б сэрца чытача. Зусім стомлены, здарожаны паэт зноў зберагаў, як святыню, ачышчальнае полымя шчырага кахання. Таго, што займае ўвесь свет і ўсё жыццё. З сваёй будучай жонкай Любоўю Андрэеўнай Асаевіч ён пазнаёміўся ў беларускай гімназіі, дзе яны разам вучыліся.  Пажаніліся яны ў 1940 годзе ў Вілейцы. Любоў Андрэеўна была адукаванай жанчынай, валодала беларускай, рускай і польскай мовамі. Яна добра разумела паэзію і была першым слухачом творчасці Танка, яго першым крытыкам і цэнзарам. Паэт заўсёды называў яе ласкава – Любаша. З жончынай думкай паэт заўсёды лічыўся. Пражылі яны сумесна 56 шчаслівых гадоў. Прыгожа пражылі. 

Не вер найвярнейшым сяброўкам
І нават люстэрку не вер,
Што ты не такою прыгожай
Нібы выглядаеш цяпер.
Бо я цябе бачу заўсёды,
Хоць шмат прамінула гадоў,
Такой жа, якой цябе стрэціў
У засені райскіх садоў,
Калі яблык мне падарыла,
А з ім – і сваю маладосць
Блудліваму змею на зайздрасць,
Наіўнаму богу – на злосць.

Чалавек, моцны воляй, можа перажыць удары і расчараванні лёсу. Але нічога не зробіш супраць растанняў. А іх было нямала. Паэт расставаўся з найдаражэйшымі людзьмі, сябрамі і блізкімі. Вельмі цяжка перажываў ён смерць сваёй жонкі. Яўген Іванавіч і Любоў Андрэеўна нарадзіліся  ў адзін год  (1912) і ў адным годзе і памерлі  (1995). Паэт перажыў сваю жонку крыху больш як на чатыры месяцы. Пахавалі іх у адной труне на радзіме паэта побач з яго бацькамі.

Як жа сталася гэтак,
Што пры любой прыгодзе
Мы пакляліся разам
Бурны Сцікс пераходзіць,-
Ты адна чакала,
Калі сцішацца воды,
Небяспеку забыўшы,
Пайшла ў пошуках броду.
Цяпер клічу цябе я,
Адзіноцтвам праняты.
Хто з нас клятву парушыў,
Хто найбольш вінаваты?
Пэўна – я, бо не ўбачыў
Праз начную заслону,
Як да берага бура
Гнала лодку Харона.
                   “Як жа сталася гэтак…”

Максім Танк пражыў доўгае жыццё. Многа падзей, многа змен адбылося за гэты час – рэвалюцыі, войны, неверагодныя палітычныя і эканамічныя эксперыменты, узлёт і развал Савецкага Саюза, распад ГУЛАГа. Многія, напэўна, лічаць, што Максім Танк прайшоў па жыцці шчасліўцам. Лічаць – прывыкшы бачыць яго перш за ўсё ў святочных прэзідыумах і на розных урачыстасцях. Гэта – памылковае ўяўленне. Ім пражыта жыццё вельмі нялёгкае і няпростае, зведана безліч пакут і горычы, момантаў крайне небяспечных і драматычных. Можна сказаць так: усё, што выпала ў ХХ стагоддзі на долю яго народа, - дасталося ў пэўнай меры і яму.

Максім Танк быў чалавекам шырокай эрудыцыі, глыбокіх ведаў, хоць і не меў вышэйшай адукацыі. Дома ў паэта была не вялікая, але цікавая, поўная рэдкіх кніг бібліятэка. Яўген Іванавіч лічыў, што паэту варта мець не больш 20-30 кніг, але такіх, якія трэба чытаць штодзённа.

Яўген  Іванавіч, незважаючы на сваю вялікую занятасць, жыў клопатамі і праблемамі сваіх землякоў. Як толькі з’яўлялася магчымасць, ён стараўся хоць на дзень-другі прыехаць на сваю Бацькаўшчыну. Наведваў школы, прадпрыемствы, арганізацыі, дзе расказваў пра наша мінулае і сённяшняе, заклікаў разумець працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве.

Максіму Танку была неабыякава цікавасць моладзі да мастацтва, гісторыі роднага краю, роднай мовы, і ён перадаваў Сваткаўскай школе свае новыя творы з аўтографамі, кнігі пісьменнікаў розных краін, дзе яму давялося пабываць. Прывозіў паэт кнігі да бацькоў і раіў ім даваць чытаць землякам, што яны і рабілі. Дайшла да Яўгена Іванавіча вестка, што ў Пількаўшчыне адкрылася сельская бібліятэка, і ў адзін са сваіх прыездаў у родную вёску прывёз для землякоў розную літаратуру, а потым уручыў яшчэ 50 сваіх паэтычных зборнікаў з аўтографамі, і рабіў гэта неаднаразова на працягу ўсяго свайго жыцця. Не абышоў увагай паэт і цэнтральную раённую бібліятэку, якая цяпер носіць  імя М.Танка. І ёй таксама падараваў свае творы. У краязнаўчым аддзеле аформлены спецыяльны раздзел пад назвай “Сын народа. Вяшчальнік свайго часу”, прысвечаны жыццю і творчасці паэта-земляка. Тут змешчаны паэтычныя зборнікі, кнігі, якія паэт асабіста падараваў чытачам бібліятэкі,шматлікія выразкі з  газет і часопісаў, прысвечаныя творчаму і жыццёваму шляху паэта. Маецца таксама каля сотні кніг з аўтографамі беларускіх, рускіх, польскіх, балгарскіх і іншых калег па пяру М.Танка. У свой час усе яны былі падараваны паэту, а М.Танк вырашыў прадаставіць іх чытачам раённай бібліятэкі. У бібліятэцы захоўваецца вялікая колькасць фотаздымкаў, зробленых у час сустрэч з земляком, апошняя з якіх адбылася ў 1994 годзе.

Стан паэта быў такі, што без доктара выпраўляцца ў дарогу было нельга. Цяжка хворы паэт разумеў, што гэта яго развітальная сустрэча з землякамі і знайшоў сілы, каб прыехаць. Разам з паэтам на сустрэчу завіталі Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, зямляк-крытык Генадзь Шупенька, беларускі крытык і літаратуразнавец Вячаслаў Рагойша, журналістка  Беларускага радыё Зоя Каваленка і група тэлевізіёншчыкаў. Па дарозе дэлегацыя заехала ў Пількаўшчыну, потым наведалі магілы бацькоў паэта.  Пакідаючы магілу маці, Яўген Іванавіч развітальна махнуў рукою і нягучна сказаў: “Бывай і – да хуткай сустрэчы”. Потым дадаў: “Я папрасіў, каб і мяне тут, побач з бацькамі, пахавалі”. Сустрэча атрымалася вельмі цёплай, шчырай і сардэчнай. Са сцэны гучалі вершы паэта, песні на яго словы. Потым выступілі  госці і сам Яўген Іванавіч. Ён  выказаў словы ўдзячнасці землякам, пачытаў свае новыя вершы, адказаў на шматлікія пытанні.
За актыўнае жыццё ў літаратуры і палітыцы Танка шчодра ўзнагароджвалі многімі ордэнамі, пачэснымі званнямі, прэстыжнымі пасадамі. Як для ўсіх таленавітых людзей, слава, папулярнасць многа значылі і для яго. Але слава ніколі не была яго галоўнай мэтай. Можна было заўважыць, што ён ведаў сабе цану, але ніколі ганарлівасці за ім не назіралася. Бясспрэчна, ён не змог бы дапамагчы шмат якім людзям, калі б не такая шырокая вядомасць яго асобы.

Пасля вайны сям’я Танка жыла ў невялікай двухпакаёвай кватэры, а ў сям’і было 8, а то і 9 чалавек. Нярэдка ў гэтай кватэры знаходзілі прытулак аднавяскоўцы паэта і сваякі яго жонкі, якія прыязджалі ў Мінск па сваіх справах. Захапляла надзвычайная прастата і дабрата славутага паэта, што дазваляла многім людзям з розных раёнаў Беларусі звяртацца да яго асабіста і пісьмова з просьбамі аб дапамозе і абароне. І не было выпадку, калі б ён адмовіў у гэтым.

Тонкі лірык, нястомны шукальнік праўды і красы, сэнсу жыцця і чалавечага прызвання, Максім Танк да апошніх сваіх дзён не выпускаў з рук пяро. Яго сэрца чутка адгукалася на праблемы часу, яго голас заўсёды моцна гучаў у абарону народа. Нават у бальніцы на тумбачцы, побач з лекамі, ляжаў звычайны для Яўгена Іванавіча школьны сшытак: у такія ён любіў занатоўваць вершы. У зборніку “Errata”, які выйшаў ужо пасля смерці паэта, сабраны вершы паэта, напісаныя ў апошнія гады. Лацінская назва зборніка азначае “выпраўленне памылак”. Напрыканцы жыцця кожны павінен паспрабаваць выправіць свае памылкі, сабраць раскіданыя камяні. Яны ёсць для ўсіх. Танк нёс нам сваю споведзь.

7 жніўня 1995 года Максіма Танка не стала. Пахаваны ён, як і прасіў у сваім завяшчанні, на радзіме – на вясковых могілках побач з бацькамі. Памяць вялікага паэта старанна ўшаноўваецца. Яго імя носіць педуніверсітэт і педагагічны каледж у Мінску, цэнтральная раённая бібліятэка ў Мядзелі, Сваткаўская сярэдняя школа, яго імем названы вуліцы ў Мінску, Мядзелі і Сватках.  Да дня нарджэння паэта ў бібліятэках афармляюцца кніжныя выставы, праводзяцца вечары памяці і літаратурна-музычныя кампазіцыі, ладзяцца танкаўскія чытанні, падчас якіх на радзіму паэта наведваюцца літаратары, якія  ведалі Яўгена Іванавіча, працавалі побач з ім.

Напісана пра Максіма Танка нямала. Напэўна, усе вершы, прысвечаныя паэту, не змясціліся б у тоўсты том, як не змясціўся б ні ў які самы велічэзны анкетны ліст пералік званняў і пасад паэта. Для іншага і паловы б хапіла для адгаворак, што за грамадскімі справамі няма калі і вершы пісаць. А Максім Танк пакінуў не толькі вялікую літаратурную спадчыну, але і свае жыццёвыя ўрокі. Урокі мудрасці і дабрыні, прастаты і сціпласці. Урокі вернасці Беларусі, якую бязмежна-горача любіў, вернасці і ўдзячнасці сваім бацькам і дзядам.

Сапраўды, напісана пра Танка шмат. Але яго паэзія невычэрпная, і час, няспынна ідучы наперад, дыктуе неабходнасць новых, больш паглыбленых падыходаў да асэнсавання яго спадчыны, новых паваротаў у раскрыцці гэтай неардынарнай духоўнай з’явы, якая спадарожнічае нам у жыцці.

Госпрограмма
Демографическая безопасность
Победе посвящается
Год науки  2017
Первая Мировая война на Мядельщине 1914-1918г.г.
ЕГР
Интернет-ресурсы