Мядель туристический
Мядель информационный
Мядель деловой
Рус
En

Адрес:
222397 г. Мядель, пл. Ленина, 1
Телефон: 8 01797 55-3-72
Горячая линия:
8 01797 55-3-72

Опрос
Какими информационными ресурсами Вы пользуетесь чаще всего?

З успамiнау пра Максiма Танка

“У азёрнай старонцы маёй…”

Сёння можна толькі дзівіцца: адметных майстроў літаратурнага слова і паэтычнага радка ў далёкія сямідзясятыя гады ў Сваткі прыцягвала бы магнітам. Такога мноства пісьменнікаў не завітвала тады, бадай, ні ў якую іншую школу азёрнага краю. Наколькі ўдалося высветліць, прыязджалі дзякуючы, найперш, настаўніку беларускай мовы і літаратуры Мікалаю Пашкевічу, чалавеку адкрытаму і гасціннаму, светламу і таленавітаму. Ён адным з першых у рэспубліцы зацікаўлена і даволі плённа адшукваў сярод вясковай дзятвы здольных вучняў з іскрынкамі творчасці. Створаны ім пры школе літаратурны гурток зачынаўся з двух пяцікласнікаў. У яго неўзабаве ўлілося мноства вучняў з сярэдніх і старэйшых класаў. Там не сумавалі дапытлівыя, Мікалай Арсенавіч жыва клапаціўся наконт пашырэння іх кругагляду. Перавага надавалася экскурсіям і паходам па родным краі, сустрэчам з цікавымі людзьмі накшталт першай выканаўцы ролі Паўлінкі з аднайменнай камедыі Янкі Купалы, паездкам у сталічныя тэатры і музеі.

“Паўлінка” і “Лебядзінае возера”, “Людзі на балоце” і “Цыганскае каханне”, “Хто смяецца апошнім” і “Мільён за ўсмешку”, “Лявоніха на арбіце” і “Два вяронцы” - толькі частка рэпертуару агульнавядомых класікаў, прагледжанага тагачаснымі вучнямі. Убачанае і асэнсаванае хлопцамі і дзяўчатамі абмяркоўвалася на пасяджэннях літаратурнага гуртка, знаходзіла адлюстраванне ў іх вершах і апавяданнях, дарожных нататках. Мікола Янэль, Аня Малько, Марыя Мычка, іншыя пачынаючыя дараванні друкаваліся не толькі ў сваёй насценнай газеце “Маладая рунь”, але і раённай - “Нарачанская зара”, рэспубліканскіх выданнях “Чырвоная змена”, “Літаратура і мастацтва”. Адно шкада, век Мікалаю Пашкевічу выпаў нядоўгі, усяго трыццаць шэсць гадкоў. Аднак і за гэты час Мікалай Арсенавіч перарабіў нямала добрых спраў, пакінуў прамяністы след на педагагічнай ніве. Яскравае сведчанне таму ўражваючы факт: аповесць “Абеліск” Васіль Быкаў прысвяціў светлай памяці менавіта нашага земляка з Гарадзішча М. А. Пашкевіча, дзе ён і пахаваны на сціплых вясковых могілках.

Першаадкрывальнікамі Сваткаўскай школы са слаўнай кагорты мастакоў слова сталі Ніл Гілевіч, Іван Навуменка. Арганізоўвалі падобныя сустрэчы на той час з дапамогай сакратарыята Саюза пісьменнікаў альбо па сяброўскай дамоўленасці з літаратарамі. Менавіта на другое рабіў акцэнт Мікалай Пашкевіч, бо можна абысціся без бюракратычнай цяганіны, ды і ў эканамічным плане для школы атрымлівалася больш прымальна. Наступны дэсант вядомых аўтараў аказаўся куды больш уражваючы - Алег Лойка, Уладзімір Караткевіч, Язэп Семяжон, Генадзь Бураўкін, Вячаслаў Рагойша, Леанід Акаловіч. У калгасным клубе, дзе праходзіла творчая вечарына, яблыку не было дзе ўпасці! Сюды папрыходзілі пешшу з многіх навакольных вёсак дарослыя і дзеці. Ім не цярпелася пабачыць пісьменнікаў, пачуць іх аўтарытэтнае слова, раздабыць аўтограф. Надзеі гэтыя цалкам апраўдаліся. На вечарыне хапала ўсяго - вершаў і выступленняў, жартаў і песень. Пасля афіцыйнай часткі распачаліся танцы. Ды якія! Весяліліся ад душы ледзь ці не да раніцы.

Дарагіх гасцей вяскоўцы праводзілі ў дарогу ўжо на наступны дзень, бліжэй да абеду. Уражанняў ад вечарыны хапіла не на адзін месяц, некаторыя добра памятаюць яе і сёння!

Адна з такіх - Вольга Іванаўна Пястун. У Сватках яна з няблізкага на сёння пяцідзясятага года, калі прыехала сюды па накіраванні пасля заканчэння Маладзечанскага настаўніцкага інстытута. З першых дзён выкладала ў школе беларускую мову і літаратуру. Тых гадзін, якія адводзіліся на вывучэнне роднай мовы, хранічна не хапала. Выйсце маладая настаўніца знайшла ў пазакласных уроках. На дзіва некаторых педагогаў, дзеці заставаліся на іх з ахвотай, з імпэтам удзельнічалі ў дыскусіях па творах беларускіх паэтаў і празаікаў, пісалі сачыненні на зададзеную тэму, не міналі і багатых экспазіцый школьнага музея.

У гэтай ладнай купцы вучняў сваёй неардынарнасцю, імкненнем да ведаў вылучаўся Мікалай Пашкевіч. Хутчэй за ўсё, Вольга Іванаўна стала для хлопца першай настаўніцай, якая змагла прывіць яму сапраўдную любоў да матчынай мовы. Навечна! Можна лічыць заканамерным, што пасля службы ў арміі юнак паступіў на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, а калі атрымаў дыплом, вярнуўся ў родную школу. Да таго часу Вольга Іванаўна паспела завочна закончыць Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моў. Таму ёй прапанавалі перадаць асвоены ўчастак педагагічнага поля свайму колішняму вучню, а самой выкладаць дзецям нямецкую. Пярэчанняў ніякіх не ўзнікала. Вольга Іванаўна была ўпэўнена, што Мікалай, да яе настаўніцкіх удач, дабавіць мноства новых, больш прагрэсіўных. Так яно і атрымалася. Апрача ўзгаданых вышэй пісьменнікаў, Мікалай Арсенавіч меў стасункі з Васілём Быкавым і Міхасём Лыньковым, Рыгорам Барадуліным і Міколам Аўрамчыкам, іншымі творцамі.

Сустрэчы з імі ён справядліва лічыў удзячнай сцяжынкай у справе абуджэння ў дзіцячых душах жывенькай цікавасці да роднай мовы, роднай літаратуры. Ды і сам не задавальняўся наяўным багажом уласных ведаў - паступіў завочна ў аспірантуру. Затое, калі Мікалая Арсенавіча не стала, а для школы гэта з’явілася горкай стратай, Вольга Іванаўна праз некаторы час прадоўжыла справу свайго вучня, што ў жыцці здараецца вельмі рэдка.

Так ужо атрымалася, што Максім Танк патрапіў у Сваткаўскую школу, якая цяпер носіць яго імя, значна пазней за некаторых іншых пісьменнікаў. Пачатку творчых зносін паспрыяла сустрэча з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры раёна, якая праходзіла ў прасторнай актавай зале гэтай навучальнай установы. Яўген Іванавіч выступіў перад землякамі, прачытаў некалькі вершаў. З ахвотай адказаў на пытанні. Адно з іх тычылася псеўданіма паэта, чаму менавіта Максім Танк?

- А што мне заставалася рабіць, - з адценнем гумару адказаў Яўген Іванавіч, - калі ўсе прывабныя кветачкі ўжо разабралі: Эдзі Агняцвет, Вера Вярба, Кандрат Крапіва… А для мяне застаўся толькі кавалак жалеза.
- З вершаў тады, - узгадвае Вольга Іванаўна, - найбольш уразіў такі:

“Не знаю, калі я паспеў пастарэць,
Расстацца з юнацкімі марамі;
Амаль развучыўся смяяцца і пець,
Узброіў свой нос акулярамі…
Прывык да дыэты, да цёплых галёш,
Да лазні з бярозавым венікам.
Пісаць пачынаю
ўсё горш я і горш -
Пара выбіраць акадэмікам”.

- Вось, падумалася, які самакрытычны паэт, - шчыра дзеліцца Вольга Іванаўна. - Мяне на першым часе не вельмі цікавіла творчасць Максіма Танка. Мабыць, такое стаўленне тлумачылася запалітызаванасцю інстытуцкай праграмы па беларускай літаратуры, у якую ўключалі толькі “ўра-патрыятычныя” вершы. А хацелася нечага для душы, пра каханне, нарэшце. Таму перавагу аддавала паэзіі Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа. І толькі пазней, больш глыбока пазнаёміўшыся з творчасцю таленавітага земляка, зразумела, які гэта багаты пласт для правядзення змястоўных урокаў, выхавання юнацтва на прыкладзе жыцця Яўгена Іванавіча, яго апантанай вернасці сям’і і Радзіме.

Запалітызаванасці і на самай справе хапала. Што раней казалі настаўнікі, знаёмячы вучняў з біяграфіяй Максіма Танка? Маўляў, нарадзіўся ў беднай сялянскай сям’і. Пасля гэтых слоў Вольгі Іванаўны школьнікі з Пількаўшчыны пачыналі хіхікаць. А той і няўцям, з чаго гэта раптам! І толькі пазней даведалася, што сям’я Скурко мела па вясковых мерках нямала зямлі, коней, кароў. Аднак нічога гэтага не звалілася, як кажуць, з неба. Усе працавалі ад цямна да цямна, дзядзя Яўгена Іванавіча Фадзей ездзіў на заробкі ў далёкую Амерыку, каб можна было ў свой час прыкупіць зямліцы. Чалавекам быў адукаваным, адмысловым паляўнічым, мог жывёлу палячыць. Многія з наваколля звярталіся да яго па слушную жыццёвую падказку, і нікому ён благога не параіў. Не пераносіў безгаспадарчасці, абыякавасці. Калі мясцовы калгас далучылі да Сватак, справы напачатку ніяк не ладзіліся, кіраўнікоў ледзь ці не штогод прывозілі з раёна новых. Аднойчы на агульным сходзе ў калгасным клубе не вытрымаў, сказаў у адрас прэзідыума:

- Што вы мяняеце старшынь, як цыган коней? І каго вы нам прывозіце: год пабудзе і ўцякае! Дайце выбраць свайго чалавека, тады і толк будзе!..

Прыязджаючыя ў Сваткі пісьменнікі, карыстаючыся нагодай, нярэдка збочвалі на гасцінны бацькоўскі хутар Максіма Танка, дзе ад цямна да цямна завіхаліся на падворку ў бясконцых вясковых клопатах бацькі, брат паэта Фёдар са сваёй жонкай Марыяй. Хто бываў там, не дадуць зманіць: яны вечна былі загружаны работай! На плячах з адзення - зашмальцаваны кажушок, патрапаная ватоўка… Бывае, штосьці і раскажуць, але зусім не шмат, нейкае слова-другое. Паглядзіш на іх, і адразу зразумееш: калі і ёсць набыткі ў гэтай хаце, дык толькі дзякуючы дружнай і цяжкой рабоце яе гаспадароў. Пры гэтым яны заставаліся сціплымі, сардэчнымі і спагадлівымі да навакольных, рубель для іх не быў даражэйшым за душу. У пацвярджэнне мне расказалі ў вёсцы такую, яшчэ даваенную гісторыю. Піліп Скурко з Пількаўшчыны задумаў купіць карову. Што гэта для сялянскай сям’і з дзецьмі, думаю, тлумачыць не трэба. Карміцелька і выратавальніца! А вось грошай на карову ў Піліпа не ставала, і нямала. Прачуўшы пра гэта, бацька Максіма Танка Іван Хведаравіч вырашыў выручыць бедака:

- Бачу, што ты хочаш лепш жыць, і я табе дапамагу. Бяры ў мяне рагулю за тыя грошы, што ёсць. Астатнія аддасі калі-небудзь.

Для добрых людзей дзверы яго хаты былі заўсёды адчынены, а гасцей на стале чакаў шчодры і апетытны сялянскі пачастунак. У той жа час Іван Хведаравіч не шанаваў гультаёў, вельмі не любіў і тых, хто залішне зазіраў у чарку.

Уражаны спрацаванымі рукамі маці песняра Домны Іванаўны Уладзімір Караткевіч напісаў пазней кранаючыя да слёз радкі ў сваім лісце ў Сваткаўскую школу: “Чорныя, як зямля, усе пасечаныя шнярамі і зморшчынамі”. Заязджалі той раз пісьменнікі ў Пількаўшчыну на адкрытым грузавіку, з усёй групы найбольш лёгка і не па сезону аказаўся апранутым Караткевіч у сваім лёгенькім паліто, спрадвечным берэце. Разважліва прыкінуўшы, што ў такой амуніцыі на пранізлівым марозным ветры, а на дварэ стаяў снежань, нядоўга і замерзнуць, бацька Яўгена Іванавіча прапанаваў Уладзіміру Сямёнавічу ў зваротную дарогу доўгі, да самай зямлі, кажух сына. На што Рыгор Барадулін з ходу адгукнуўся эпіграмай на Караткевіча:

“Ледзь толькі раскрыў я вочы -
Змахнуў шаблонаў труху,
І смела ў класіку крочу…
У Танкавым кажуху”.

З актавай залы школы Яўгена Іванавіча запрасілі завітаць на хвілінку ў  клас беларускай мовы і літаратуры, пазнаёміцца са шматлікімі тэматычнымі экспазіцыямі. Прапанавалі пагартаць альбом з фотаздымкамі пісьменнікаў, якія ўжо да гэтага праводзілі творчыя сустрэчы ў Сватках. Максіма Танка ўразіла: як гэта так, у школе землякоў пабывалі і Васіль Быкаў, і Уладзімір Караткевіч, і Ніл Гілевіч, некаторыя з літаратараў нават не адзін раз, а ён толькі-толькі зайшоў.

- Атрымалася якраз, як у тым анекдоце, - заўважыў Максім Танк.
- Якім? - пацікавіліся ў яго настаўнікі.
- А вось паслухайце. Фанабэрысты пан пытаецца ў свайго слугі:

- Мотка, ты ў Варшаве быў?
- Не, панок, не быў.
- А ў Кракаве?
- Не.
- А ў Вільні ты хоць быў?
- І ў Вільні не быў.
- Дык ты ж дурань!
-Дурань, панок, дурань.
Пастаяў Мотка, крыху падумаў, а потым ветліва так звяртаецца да пана:
- Паночак, а ты ў Кабыльніку ці быў?
- Не, не быў.
- Што, і ў Даўгінава не быў?
- Не.
- А ў Куранцы?
- І ў Куранцы не быў.
- Ой, і што цяпер будзе?!

Павучальны анекдот. Іншым разам за даляглядамі, мы і сапраўды не бачым адметнага і дарагога, што ў нас зусім побач. Паказалі тады песняру і ліст Уладзіміра Караткевіча, у якім ён узгадвае наведванне пількаўскага хутара. Было бачна, што найбольш Максіма Танка кранулі радкі Уладзіміра Сямёнавіча пра маці. Яўген Іванавіч надоўга задумаўся, а потым са скупой усмешкай на твары заўважыў на развітанне: “Трэба мне нешта падумаць”.

З тае вечарыны і пачынаецца летапіс цеснай сувязі Максіма Танка са Сваткаўскай школай. Яўген Іванавіч часценька заязджаў сюды, прывозіў у мясцовы музей цікавыя экспанаты, дакументы, мноства кніжак з аўтографамі. Адно, не любіў нарабляць з гэтага вялікага шуму, нават прасіў тагачаснага дырэктара Зою Іванаўну Лубешку не надта афішыраваць яго візіты, якія, зразумелая справа, надавалі гонару і настаўнікам, і вучням. Як-ніяк, далёка не ў кожную школу завітваў народны паэт Беларусі, акадэмік, Герой Сацыялістычнай Працы! Паспрыяла ўстойлівым творчым кантактам і наступная акалічнасць. У Сватках мелася добрая традыцыя: перад экзаменамі выпускнікі з педагогамі адпраўляліся ў падарожжа вакол возера Нарач. Шлях няблізкі, ішлі з прываламі, начоўкай. І заўсёды прыпыняліся каля драўляных домікаў у акружэнні меднастволых сосен Максіма Танка, Міхася Лынькова, дзе творцы любілі працаваць ледзь не цэлае лета. Неяк Яўген Іванавіч і запрасіў да сябе ў дом Вольгу Іванаўну з мужам Барысам Сцяпанавічам, які ў размове заўважыў:

- А я, Яўген Іванавіч, у школе вучыўся разам з вашай меншай сястрой Людай.
Максім Танк адразу ажывіўся, пачаў распытваць пра сваіх знаёмых па юнацкіх гадах:
- Як там пажываюць Хіхіч, Кайка, Мычка Серафім?..

Пазнаёміўшыся бліжэй, бываючы ў Сватках, Яўген Іванавіч ужо не мінаў і гасціннай хаты Пястуноў… Звычайна, у такіх выпадках тэлефанавалі ў Будслаў да намесніка дырэктара тамтэйшай школы Васіля Пятровіча Жука, заслужанага настаўніка Беларусі, таксама знаёмага з Максімам Танкам, і той на ўсіх парах імчаў да іх. Тады за сяброўскім сталом у святліцы хаты пад кілішак гарэлкі альбо кубачак гарбаты на зёлках завязвалася размова за жыццё-быццё. Вядомая справа, усім хацелася больш паслухаць паэтычную знакамітасць, а Максім Танк, наадварот, любіў, калі расказвалі іншыя. У нетаропкай бяседзе закраналіся розныя тэмы. Васіль Жук неяк пацікавіўся ў народнага песняра:

- Нешта, Яўген Іванавіч, не магу прыгадаць, каб з вашых вершаў пырскалі радасць, заўзяты смех. Вы нават, калі анекдоты расказваеце, самі амаль не смеяцеся.
- Чаму тут здзіўляцца, - задуменна адказаў Максім Танк, - жыццё такое! Самі ведаеце, падкідвала яно мне жорсткіх іспытаў і да верасня трыццаць дзявятага, і пасля…

Канечне, акрамя няпростых жыццёвых пераплётаў, былі ў Яўгена Іванавіча і светлыя набыткі. Адзін з самых важных з іх да вайны - сям’я. Добрыя сябры ведалі, што кахання, як кажуць, з першага погляду, у іх з Любоўю Андрэеўнай не было. Родам яна з таго ж краю, з суседняй з Пількаўшчынай вёскі Новікі. Ды і прозвішча такое ж - Скурко. Бацькі дзяўчыны яшчэ раней пераехалі жыць у Вільню. Таму не дзіўна, што, уладкаваўшыся там у гімназію, пачынаючы паэт здымаў пакойчык у сваіх землякоў. Тут, бадай, важней іншае: як толькі польскія ўлады кінулі Максіма Танка за краты ў Лукішкі, Любоў аказалася адной з тых, хто не адвярнуўся ад юнака, а паспяшаўся падтрымаць яго. Напэўна, з тых трывожных сакавіцкіх дзён 1932 года і бярэ пачатак высакароднае пачуццё Яўгена Іванавіча да гэтай дзяўчыны, якое ён пранёс праз усё жыццё. І калі ўжо значна пазней Домна Іванаўна пацікавілася ў сына, які ж падарунак ён думае паслаць Любові да дня нараджэння, Максім Танк цвёрда адказаў:

- А падарунак такі: прапаную ёй сваю руку і сэрца!

Яшчэ праз колькі год ён напіша:

“Вось дом і сад, завулак той,
Вячэрні цень гатыцкай вежы,
Дзе не заўважылі з табой
Мы расцвітаючага бэзу…”.

Так, гэта пра Вільню, юнацкія перажыванні паэта. Прыцягваюць увагу трапнай змястоўнасцю і радкі твора:

“І гэты бэз іх і вішняк
(Сад, праўда, быў тады гусцейшы)…
Яшчэ тут нейкі жыў дзівак,
Пісаў, казалі людзі, вершы”.

Якое б адметнае мерапрыемства ні праводзілася ў гонар Максіма Танка, землякі, калі іх запрашалі туды, ніколі не ўдарылі тварам у гразь. Найперш - сваткаўцы. У размове ўспаміналася юбілейная вечарына з нагоды 70-годдзя Яўгена Іванавіча, якая праходзіла ў Мінску, у оперным тэатры. Дэлегацый панаехала з усіх саюзных рэспублік. Былі там і прадстаўнікі Мядзельшчыны - першы сакратар райкама партыі Барыс Путрык, старшыня мясцовага калгаса “Зара” Іосіф Тарасёнак, настаўнікі Іван Берняковіч і Вольга Пястун. Землякам далі слова ў апошнюю чаргу. Яшчэ дома вырашылі, што на трыбуну пойдзе Вольга Іванаўна, таму і ў прэзідыум яе запрасілі.

- Сядзела там бы мышка пад венікам, побач з паэтам Васілём Зуёнкам, - дзеліцца Вольга Іванаўна. - Вывераную “кантычку” з тэкстам спачатку ў руках церабіла, потым паклала ў сумачку. Калі ж паклікалі за трыбуну, зусім пра яе забылася, давялося гаварыць па памяці. Дзякуй Богу, не збілася. Максім Танк слухаў вітанне стоячы, дзве дзяўчыны з Пількаўшчыны ў нацыянальных строях паднеслі імянінніку кветкі і каравай з новага ўраджаю, Барыс Путрык уручыў слыннаму песняру падрыхтаваныя сувеніры, а Іосіф Тарасёнак з Іванам Берняковічам - важкую бочачку медавухі. І ўсё гэта пад такія словы:

“Ад пількаўскіх палёў жытнёвых,
Ад Нарачанскае зямлі
Мы гэты каравай мядовы
З паклонам нізкім прыняслі.
Каб не старэў зямляк ніколі,
Каб быў душою малады,
Зайграйма пількаўскую польку,
Юнацтва ўспомняцца гады!”.

Не паспеў прагучаць апошні радок, як на сцэну выбеглі будслаўскія музыкі на чале з Францам Пляшкуном і “ўрэзалі” польку. Заўзята, высокапрафесійна. На фоне строга рэгламентаванай афіцыйнасці гэта выглядала так сардэчна, так ярка, што душа зарадавалася і эмацыянальна рванула вонкі не толькі ў юбіляра, але і ўсёй залы. Нямала хто з прысутных на вечарыне потым казаў: “Вось гэта землякі! І каларытна, і прачула, і весела. Ай, ды малайцы!”.

Запомнілася Вользе Іванаўне і больш позняя сустрэча з Яўгенам Іванавічам, якая адбылася ў санаторыі “Аксакаўшчына”. Яна адпачывала ў суседняй здраўніцы “Навука” і са знаёмай нярэдка хадзілі туды на канцэрты, якія ладзіліся даволі часта. На адной з алей убачылі задуменнага Максіма Танка, прывіталіся, крыху пагутарылі. Той запрасіў жанчын да сябе ў нумар папіць гарбаты альбо кавы, аднак яны адмовіліся. Маўляў, не хочацца вам замінаць. Перад развітаннем Яўген Іванавіч пацікавіўся, што яны збіраюцца глядзець у канцэртнай зале?

- Выступленне ліліпутаў!
- А вось я, - з сумам заўважыў Максім Танк, - не магу глядзець на людзей, знявечаных прыродай. Не дазваляе сэрца. Ну, а для вас нічога страшнага, адзін раз паглядзець можна…

Мела слова Вольга Іванаўна і на апошнім спатканні песняра з землякамі, якое праходзіла ў Мядзеле 28 кастрычніка 1994 года. На той вечарыне яе муж Барыс Сцяпанавіч падараваў Максіму Танку сваю карціну з мясцовымі краявідамі, а слынны паэт ім - зборнічак вершаў “Мой каўчэг” з кароценькім, але красамоўным аўтографам: “Паважаным Пястунам. З любоўю. Максім Танк”. Гэту кніжку Вольга Іванаўна захоўвае цяпер як самую дарагую рэліквію. Па яе глыбокім перакананні, творчасць нашага волата паэтычнага свету ўрываецца ў адкрытую душу, прымушае думаць, суперажываць, станавіцца чалавеку лепшым. Трэба толькі чытаць вершы, трапныя верлібры Яўгена Іванавіча не мімаходзь, а без спеху, унікаючы ў іх глыбінны сэнс, і тады перад вамі быццам блісне асляпляльнымі промнямі велічны алмаз, з якога здзьмухнулі пыл забыцця і недаацэнкі…

 Павел ЖУКАЎ.

 

Максім Танк - волат паэтычнага свету

Нарэшце такі ажыццявілася даўняя надзея літаратараў ды многіх прыхільнікаў друкаванага слова - з пачатку студзеня, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, па нашай краіне крочыць Год кнігі. Значыць, ёсць падстава спадзявацца, што гэта паспрыяе павышэнню яе ролі ў сучасным грамадстве, выхаванню ў маладога пакалення любові да мастацкага слова, развіццю айчыннай літаратуры, забеспячэнню дзяржаўнай падтрымкі нацыянальнага кнігавыдання. У яркім і вабным сузор’і рэгіёнаў, якія ганарацца сваімі вядомымі паэтамі і празаікамі, ладзяць тэматычныя мерапрыемствы, адметнае месца займае Мядзельшчына. І, у першую чаргу, дзякуючы Максіму Танку, які быў і застаецца велічнай зоркай ва ўсім славянскім пісьменстве. Тым больш, што якраз сёлета 17 верасня мы ўрачыста адзначым стагоддзе з дня нараджэння Яўгена Іванавіча. Удзячны сын азёрнага краю са сваіх першых вершаў, са свайго першага зборнічка “На этапах”, выйшаўшага ў свет у далёкім 1936 годзе, абараняў бедны люд ад панскага прыгнёту. Ён абраў для сябе шлях змагара з белапольскімі акупантамі, выкарыстоўваючы пры гэтым трапнае паэтычнае слова, уздымаючы народ на барацьбу за вызваленне Бацькаўшчыны: “Колькі часу шукаў я сцяжынкі-дарогі да бунтарскіх напеваў вясны-перамогі…”. Быццам звон, рашучы ваяр з сацыяльнай несправядлівасцю і маною, такі, як Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч, стукаўся ў людскія душы і нагадваў, што беларусы маюць гонар, што яны павінны стаць згуртаванай і квітнеючай нацыяй на сваёй зямлі. І калі ў адной з рэакцыйных газет таго часу напісалі, маўляў, “няма ніякіх беларусаў і іх мовы”, юнак, якому не споўнілася яшчэ і дваццаці год, катэгарычна запярэчыў:

“Калі няма на свеце маёй мовы,
Майго народа і мяне самога, -
Дык для каго будуеце, панове,
Канцлагеры, катоўні і астрогі?”.

А з такімі патрыётамі зямлі беларускай улады панскай Польшчы не цацкаліся: не аднойчы Максіму Танку давялося разам з іншымі палітвязнямі зведаць на сабе ўвесь драматызм тагачасных віленскіх Лукішак. Слабых жорсткія выпрабаванні ломяць, моцных - загартоўваюць, надаюць сілы і веры ў больш светлае заўтра. І яно прыйшло для Яўгена Іванавіча, як і для ўсяго народа Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года, акурат у дзень яго нараджэння. Можна дзівіцца, але выпадаюць у жыцці і вось такія гістарычныя падарункі лёсу!

Затым была Вялікая Айчынная вайна, уступленне ў народнае апалчэнне, супрацоўніцтва ў франтавой газеце “За Савецкую Беларусь”, якую рэдагаваў Міхась Лынькоў. Пасля Перамогі Максім Танк стваральную творчую дзейнасць цесна спалучаў з грамадскай. Яго шматлікія зборнікі вершаў і паэм атрымалі ўсеагульнае прызнанне. За выдадзеную на рускай мове кнігу “Нарочанские сосны” Яўгену Іванавічу прысудзілі Ленінскую прэмію - найбольшае прызнанне яго заслуг за важкі ўклад у развіццё ўсёй савецкай літаратуры. Наш знакаміты зямляк - Герой Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, залатым медалём “Барацьбіту за мір”… Важна і наступнае. Па ўспамінах многіх людзей, якую б пасаду Максім Танк не займаў, - галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”, старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыні Вярхоўнага Савета БССР - ён заўсёды заставаўся даступным для людзей, простым і шчырым, гатовым падтрымаць чалавека, прыйсці на дапамогу.

Мне ўспамінаецца апошні прыезд Максіма Танка на Мядзельшчыну. Было гэта напрыканцы 1994 года. На той час вялікага песняра ўжо даймалі хваробы. Відаць, ён адчуваў, што яго місія на гэтым свеце пакрысе набліжаецца да завяршэння, і вырашыў яшчэ раз пабываць на Бацькаўшчыне, якая заўсёды надавала моцы і аптымізму, крыху падсумаваць у шчырай бяседзе са сваімі землякамі творчыя набыткі. У нечым гэта нагадвала развітальную песню жорава, адлятаючага за небакрай. І хаця той восеньскі вечар не быў звязаны з ніякім юбілеем, людзі перапоўнілі прасторную канцэртную залу тагачаснай дзіцячай музычнай школы, многія стаялі на праходах ля акон і дзвярэй. Разам з Яўгенам Іванавічам са сталіцы прыехалі доктар філалагічных навук Вячаслаў Рагойша, крытык Генадзь Шупенька, народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч… З ёй мы бачыліся нядаўна і за кубачкам гарбаты ўзгадалі тую памятную для многіх мядзяльчан літаратурна-музычную вечарыну.

- Тады, па дарозе з Мінска, - дзеліцца Марыя Георгіеўна, - спачатку заехалі ў Пількаўшчыну, на бацькоўскі падворак Максіма Танка. Яўген Іванавіч вадзіў нас у старую хату, у якой ён нарадзіўся, а зараз багата напоўненую кніжкамі, дасціпна жартаваў. Побач з ёй стаіць і новая, дзе пражываў яго брат Фёдар з жонкай. Яны і запрасілі ўсю нашу кампанію, як гэта заведзена ў гасцінных беларусаў, перакусіць. На стале, накрытым ільняным абрусам, стаялі вясковыя стравы - бульба і тушаная капуста, агуркі ды каўбаса. З нагоды такой адметнай падзеі ўзялі нават па чарачцы самагону. Аднак доўга на хутары не затрымліваліся, бо маглі спазніцца на сустрэчу. На вечары Максім Танк чытаў збольшага творы са свайго апошняга зборніка “Мой каўчэг”, які толькі-толькі выйшаў у свет, з ахвотай адказваў на пытанні залы. І ўсё - мудра, сардэчна, добразычліва. На сцэне і ў зале панавалі шчырасць і ўзаемаразуменне. Адчувалася, што на малой радзіме цудоўна падрыхтаваліся да сустрэчы з вялікім Песняром. Мела слова на тым вечары і я, прачытала некалькі вершаў Яўгена Іванавіча. У іх ліку - і пра маці, на пяцікрылай далоні якой “выраслі мы, наш хлеб, нашы песні”. Альбо давайце ўзгадаем іншыя яго радкі, па-мастацку глыбокія, таленавіта вымалёўваючыя гаротны жаночы лёс:

Асенні вечар гасне ў хаце.
Пляце, задумаўшыся, маці
Вянкі цыбулі залатой.
А з успамінаў перад ёй
Жыццё ўстае, што праляцела
І непагодай прашумела
Над гэтай хатаю старой,
Над яе доляй, над зямлёй…
Цыбуля ж горкая такая,
З вачэй аж слёзы выціскае.

Ці вось такія красамоўныя і пранізлівыя словы наконт незайздроснай адзіноты многіх старых людзей на вёсцы, якія не згубілі сваёй вострай актуальнасці і сёння, хоць і напісаны тры дзесяцігоддзі таму:

- Як жывецца, бабуля Агата?
- Ніштавата, сынок, ніштавата.
Толькі паразляталіся дзеці
Па далёкіх паселішчах дзесьці.
Да сябе клічуць у пераведы.
Ды куды я, старая, паеду
Ад свайго качарэжніка з лавай,
Ад прывычнай вадзіцы і стравы,
Ад сваіх пылянят і дварышча,
Ад жытнёвага шуму-ігрышча,
Ад пагоста, дзе родных нямала,
Дзе сабе месца аблюбавала…
Вось, прысеўшы на прызбе, чакаю:
Мо яшчэ хто з дзяцей завітае.

Хто лепш пра гэта скажа? Бадай, ніхто! А тады было бачна, што спатканне з землякамі яму вельмі падабаецца, Максім Танк расхваляваўся да глыбіні душы, часам вочы яго вільгатнелі, аднак твар заставаўся прыязным і адкрытым. Хаця, як адзначыла пра сябе, і чытанне вершаў, і працяглая сустрэча даваліся паэту цяжкавата. Пра гэта можна было меркаваць і па тым, што ўрач, які сядзеў у зале ў першым радзе крэслаў, у час кароценькіх перапынкаў непрыкметна даваў яму лякарства. Таму, калі на сцэне падыш-
ла мая чарга ўзяць мікрафон, а хтосьці з аўдыторыі перад гэтым цікавіўся ў нашага Песняра наконт мэты неспадзяванага прыезду на Мядзельшчыну, сказала і вось такія словы: Яўген Іванавіч завітаў сюды нават у такім стане здароўя, каб аддаць удзячным землякам часцінку свайго сэрца. І зала дружна заапладзіравала…
- Дадому, - працягвае Марыя Захарэвіч, - мы вярталіся позна, у Мінск патрапілі пасля апоўначы. Максім Танк быў вельмі задаволены, што ўдалося выбрацца ў родны азёрны край, не хаваў свайго добрага настрою. Вечарына яго проста акрыліла, ён усміхаўся, па дарозе расказваў розныя вясёлыя гісторыі. Народны паэт быў шчаслівы! Па прыездзе ў сталіцу, дапамаглі Яўгену Іванавічу занесці ў кватэру пачастункі, якія даў яму ў дарогу брат Фёдар, сувеніры, уручаныя землякамі. Максім Танк надзвычай цёпла з намі развітаўся, шчыра падзякаваў за сумесную паездку. З год таму мне давялося пабываць ля магілы Максіма Танка і яго жонкі Любові Андрэеўны ў Новіках, на радавым хутары Песняра ў Пількаўшчыне. А нагода была такая: таленавіты тэлежурналіст Уладзімір Субат здымаў сваю чарговую перадачу пра вяскоўцаў, іх жыццё і побыт…
Адным з найбольш памятных народная артыстка Марыя Захарэвіч лічыць творчы вечар у Доме літаратара па кнізе Максіма Танка “Дарога, закалыханая жытам”.
- Наогул, - апавядае Марыя Георгіеўна, - для многіх акцёраў гэты дом быў пасля тэатра на першым месцы. У ім праходзілі прэзентацыі новых кніг, якія называліся “паэтычная пятніца”, з удзелам артыстаў. На той раз мы падрыхтавалі паэтычную кампазіцыю, у ліку іншых акцёраў была і Галіна Бальчэўская, наша зямлячка з Будслава. Мы з ёй спявалі народныя песні, чыталі вершы:

Калі трэба была песня -
Ні ў чые не грукаў дзверы.
Я яе знаходзіў дома,
Як пад лаваю сякеру,
Як у прыпечку - цяпельца,
У сальніцы - жменю солі,
На дрывотні - кій дарожны,
Жаўрука - на родным полі.
А калі зноў песні буду
Я патрэбны, добра знаю:
Мяне знойдзе яна ў хаце
Ў тым жа Нарачанскім краі
Ці за плугам, ці ў дарозе,
Ці ў дуброве рана-рана,
А не знойдзе - хай пакліча.
Я і з-пад кургана ўстану.

Вечар удаўся на славу, Максім Танк расчуліўся, запрасіў нас у кафэ Дома літаратара. Там асабліва нічога не было, Яўген Іванавіч частаваў усіх чырвоным шампанскім, у якое мы мачалі сітны хлеб і з апетытам елі. Тым не менш, было радасна і весела: нас аддзячвае сам Максім Танк. Пасля гэтага ён пры сустрэчы са мной заўсёды з цеплынёй казаў: “А, мая зямлячка!”, пачаў дарыць свае кніжкі з цёплымі аўтографамі. Ёсць сярод іх і такі: “Дарагой Марыі Захарэвіч з найлепшымі пажаданнямі і ўдзячнасцю за яе непаўторнае мастацтва”.
У гутарцы Марыя Георгіеўна зазначыла, што пры жыцці яна не часта бачылася са знакамітым Максімам Танкам. Аднак не-не, ды і выпадалі сумесныя паездка ў Маскву на саюзнае мерапрыемства альбо ўдзел у рэспубліканскіх урачыстасцях. Адна з іх прысвячалася юбілею ўз’яднання беларускага народа, праходзіла ў оперным тэатры. У прэзідыуме сходу, разам з кіраўнікамі рэспублікі быў і Максім Танк, некаторыя іншыя пісьменнікі.
- Мяне даволі часта запрашалі выступіць на розных “высокіх” пасяджэннях, - расказвае Марыя Захарэвіч. - Канечне, рыхтавалася да іх заўсёды сур’ёзна. Раней ніхто з нас з паперак не чытаў, усё вучылася на памяць. І не дай Бог было збіцца з тэксту, памыліцца! Тады, апрача ўсяго іншага, знайшла цудоўны верш Яўгена Іванавіча, у якім расказваецца, як да яго ў астрог прыходзіць дзед і прачытала гэта “Спатканне” са сцэны:

- Ну што ж, кажы, што ў вас чуваць? -
Пачаў стары пра сенажаць,
Успомніў жыта і авёс…
А вочы… мокрыя ад слёз…

На мой погляд, мы нярэдка не цэнім таго, з якімі людзьмі бачымся, сустракаемся, можам іх паслухаць, пагаварыць, зрабіць здымак на памяць. Думаем, яшчэ будзе час, адкладваем многае на потым. Альбо саромеемся патурбаваць. Маўляў, можа чалавек працуе, можа ён заняты. Таму і не звонім, баімся пагрукаць у дзверы. Аказваецца, не трэба гэтага палохацца, бо час ляціць, людзі нас пакідаюць. Незваротна! Да такой высновы прыйшла яшчэ раз, калі з пісьменніцай Нінай Загорскай завіталі да хворага Максіма Танка ў апошні год яго жыцця. У кватэры якраз быў урач, а калі ён пайшоў, у нас завязалася ажыўленая гутарка. Мы адказалі на пытанні, якія цікавілі Яўгена Іванавіча. Потым ён чытаў нам толькі што напісаныя вершы, прысвечаныя сваёй жонцы Любові Андрэеўне. Для нас тым днём выпаў вялікі дарунак: велічны Танк аказаў нам столькі ўвагі, прабавіў з намі багата часу. Думаецца, і яму гэта таксама патрабавалася, бо пры развітанні выказаў задаволенасць такой вось нязмушанай сустрэчай, мы яго пакінулі ў добрым настроі. Ды і ў нас так хораша стала на душы. Таму пасля таго выпадку пераканана: многія жыццёвыя справы трэба спяшацца рабіць, не адкладваць іх на заўтра, каб потым не шкадаваць…

У кожнага адметнага талента свой лёс, свая дарога. І можна лічыць удалай заканамернасцю, што жыццё і творчасць Максіма Танка надзвычай моцна знітаваны з Нарачанскім краем. Мноства яго вершаў прысвечана роднай Мядзельшчыне:

Ёсць такая зямля: дзень адзін пражывеш,
І адступяць ліхія нягоды,
Будзеш марыць аб ёй, будзе сніцца табе,
Будзеш помніць яе ты заўсёды…

Некаму можа падацца, што ў гэтым нарысе прыведзена зашмат паэтычных радкоў Яўгена Іванавіча. Але ж праўда і тое, што аб’ектыўную ацэнку творчасці лепш за ўсё даваць па першакрыніцы. Мяркую, чым больш мы будзем чытаць творы Максіма Танка, тым больш станем усведамляць, які ў нас велічны зямляк - Волат паэтычнага свету. Зразумеем і тое, што мы застаёмся ў вялікім даўгу перад Песняром. Не створана пакуль, на жаль, ні яго добрага музея, ні яго велічнай скульптурнай выявы, месца якой не дзе-небудзь, а менавіта на беразе сінявокай Нарачы, якую ўславіў на ўвесь белы свет у сваёй творчасці наш геніяльны Максім Танк.

Павел ЖУКАЎ.

Госпрограмма
Демографическая безопасность
Победе посвящается
Год науки  2017
Первая Мировая война на Мядельщине 1914-1918г.г.
ЕГР
Интернет-ресурсы