Мядзел турыстычны
Мядзел інфармацыйны
 Мядзел дзелавы
Рус
En
Бел

Адрас:
222397 г. Мядзел, пл. Леніна, 1
Тэлефон: 8 01797 55-3-72
Гарачая лінія:
8 01797 55-3-72

Навіны рэспублікі

1 кастрычніка 2020

A.Лукашэнка - кіраўніку Emaar Properties: ваша работа ў Беларусі, інвестыцыі нам вельмі дарэчы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка вітае работу ў краіне і інвестыцыі кампаніі Emaar Properties. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй савета дырэктараў кампаніі Emaar Properties Мухамедам Алі аль-Абарам, перадае карэспандэнт БЕЛТА. 

"Перш за ўсё хачу адзначыць вашу пунктуальнасць і абавязковасць. Прыкладна год таму, сустракаючыся з вамі, мы дамовіліся аб нашай сумеснай рабоце. Тады быў задуманы шэраг праектаў, якія вы ўзялі ў прапрацоўку і гатовы былі ажыццявіць у Беларусі, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і заканчваючы будаўніцтвам вялікіх інфраструктурных аб'ектаў, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Мы дамаўляліся з вамі, што гэтай восенню пасля прэзідэнцкіх выбараў сустрэнемся і канчаткова расставім усе кропкі над "і". І вось за гэта я вам удзячны, што вы пунктуальна, як дамовіліся, прыехалі ў гэты дзень".

"Мы разумеем, што цяпер у свеце час няпросты. Выклік чалавецтву кінуты па многіх напрамках. За інвестара ў сувязі з гэтым ідзе вельмі вострая барацьба. І, вядома, ваша работа ў Беларусі, тыя інвестыцыі, якія вы плануеце ажыццявіць, нам вельмі дарэчы сёння", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Паводле яго слоў, аб'ёмы работ будуць вельмі вялікія. "Таму мы ў такім прадстаўнічым складзе сёння сабраліся (на сустрэчы з беларускага боку таксама прысутнічалі прэм'ер-міністр, старшыня Мінгарвыканкама, памочнік Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы. - Заўвага БЕЛТА), каб не было замінкі ў вашых работах", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што памятае абяцанне Мухамеда Алі аль-Абара, што ў Беларусі пабудуюць самыя прыгожыя будынкі і збудаванні, якія будуць візітнай карткай ААЭ ў цэнтры Еўропы. "Таму я гатовы абмеркаваць сёння ўсе пытанні, якія ў сувязі з гэтым узніклі, і калі ёсць якія-небудзь праблемныя пытанні, гатовы іх адразу ж вырашыць", - дадаў Прэзідэнт. 

Мухамед Алі аль-Абар - саўладальнік буйных міжнародных кампаній у галіне інвестыцый, нерухомай маёмасці, гасцінічнага бізнесу, электроннага гандлю, лагістыкі, грамадскага харчавання, моды, дызайну і іншых. Яго бізнес прысутнічае больш як у 50 краінах свету. Ён з'яўляецца ідэйным натхняльнікам і выканаўцам канцэпцыі стварэння сучаснага Дубая, ключавым саветнікам па эканамічных і інвестыцыйных пытаннях (асабістых і дзяржаўных) кіраўнікоў Абу-Дабі і Дубая. 

Кампанія Emaar Properties - адзін з буйнейшых у свеце дэвелапераў і інвестараў у галіне будаўніцтва. Валодае больш як 60 даччынымі кампаніямі і прысутнічае на рынках больш як 35 краін на Блізкім Усходзе, у Паўночнай Афрыцы, Азіі, Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Спецыялізуецца на гасцінічным бізнесе, гандлёва-забаўляльнай інфраструктуры, здачы ў арэнду камерцыйнай нерухомай маёмасці, развіцці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і паслуг для розных сфер бізнесу, інвесціраванні і абслугоўванні нерухомай маёмасці. Буйнейшыя будаўнічыя праекты Дубая, уключаючы самы высокі ў свеце будынак Бурдж-Халіфа і адзін з буйнейшых гандлёвых цэнтраў "Дубай Мол", былі рэалізаваны менавіта Emaar Properties. Акрамя таго, кампанія забудоўвае Эканамічны горад караля Абдалы ў Саудаўскай Аравіі. Плошча праекта займае 168 кв.км і ўключае ў сябе марскі порт, прамысловую зону, дзелавы, курортны і жылы раёны, адукацыйныя і медыцынскія ўстановы, гандлёвыя аб'екты.

Аляксандр Лукашэнка раней ужо сустракаўся з Мухамедам Алі аль-Абарам. У лістападзе 2019 года ў Мінску бакі абмяркоўвалі пералік магчымых інвестыцыйных праектаў. У прыватнасці, размова вялася аб тым, што Emaar Properties зоймецца ў Беларусі гасцінічным бізнесам, прапрацоўваліся таксама праекты ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці. Беларусь зацікаўлена ў развіцці праектаў у рэальным сектары эканомікі з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі.

Дэмаграфічная бяспека
Перамозе прысвячаецца
Першая Сусветная вайна на Мядзельшчыне 1914–1918 гг.
 АДР
2018 год – ГОД МАЛОЙ РАДЗІМЫ
Інтэрнэт-рэсурсы